Государственное учреждение культуры

"Зельвенская районная библиотека"

231940, Гродненская область, г.п. Зельва, ул. Советская, д. 34
 

ЗЭЛЬВА – гарадскі пасёлак, цэнтр раёна, на левым беразе р. Зальвянка (прыток р. Нёман), за 103 км на паўдневым усходзе ад Гродна, чыгуначная станцыя на лініі Ваўкавыск – Баранавічы, на аўтадарозе Слонім – Ваўкавыск.
Сляды дзейнасці чалавека на месцы сучаснага пасёлка адносяцца да часоў каменнага веку. Тут знаходзяцца помнікі археалогіі, якія сведчаць аб засяленні тутэйшых месцаў ў глыбокай старажытнасці. За 1,5 км на паўднёвы захад ад па¬сёлка захавалася гарадзішча памерам 65х 30 м, умацаванае з усходу ровам i валам, з захаду – 3 равамі i 2 валамі. З трох бакоў (поўдзень, захад, поўнач) тэраса вышынёй 5-10 м. За 0,3 км на паўночны захад ад гарадзішча – курганны могільнік: 22 насыпы дыяметрам 4-11 м, вышынёй 0,5-1,8 м.
Беларуская энцыклапедыя “Археалогія і нумізматыка Беларусі” дапускае, што пачаткова пасяленне ў Зэльве ўзнікла на гары, пануючай над тагачасным рынкам, і якая ўздымаецца над ваколіцай на 20-25 метраў, нагадваючы даўняе гарадзішча з рэшткамі валоў, дзе пазней пабудавалі касцёл, падмурак якога існуе па сённяшні дзень. На гэта месца ўказвае і іншая крыніца, у якой гаворыцца, што ўладальнік Зэльвы Міхаіл Начовіч паставіў касцёл на пясчанай гары ля сажалак.
Упершыню Зэльва ўзгадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1258 г. пры aпісанні паходу галіцка-валынскага князя Данілы Галіцкага на землі Навагрудскага князя Міндоўга. У гэты час галіцка-валынскія князі вялі барацьбу з літоўскім князем Міндоўгам. Сам Міндоўг княжыў у Навагрудку, дзе ў 1252 годзе каранаваўся, а яго сын Войшалак – у Слоніме і Ваўкавыску, а значыць і на Зэльвенскай зямлі.
У 1252 г. галіцка-валынскія войскі князёў Данілы і Васілька Раманавічаў падыйшлі да Ваўкавыска і Слоніма. Паводле дагавора 1254 года, уся гэта тэрыторыя, у тым ліку і Зэльвеншчына, увайшла ў склад уладанняў Галіцка-Валынскага княства і належала князю Раману Данілавічу, сыну Данілы Галіцкага. Але гэты мір не быў трывалы, часта парушаўся. Летапіс сведчыць, што сынам Міндоўга Войшалкам і пляменнікам Таўцівілам, забіўшых княжыўшага ў Навагрудку Рамана Данілавіча, быў здзейснены паход у Панямоннне.
Даніла Галіцкі ўзяў Ваўкавыск у 1258 годзе і захапіў у палон князя Глеба. Затым атрад на чале з сынам Львом быў накіраваны на Гародню, а ваяводзе Mixайлу было загадана ваяваць «по Зелеве», шукаць там Войшалка і Таўцівіла, якіх не знайшоў у Ваўкавыску.
З гэтага вынікае, што паселішча на той час было ўмацаваным пунктам у Навагрудскай зямлі, інакш навошта было б Данілу Галіцкаму накіроўваць цэлы атрад ваяваць «по Зелеве».
Гістарычныя дакументы дазваляюць сцвярджаць, што існавалі дзве Зэльвы: Вялікая і Малая, якія ў дакументах называюцца скарочана Зэльва. Магчыма гутарка вялася толькі пра дзве часткі, якімі валодалі адначасова розныя ўладальнікі.
У 2-й палове 15 ст. узгадваюцца сяло Вялікая Зэльва i маёнтак Малая Зэльва ў Гродзенскай каралеўскай эканоміі.
Яшчэ адно вядомае летапіснае ўпамінанне Зэльвы – 1443 год. У гэтым годзе князь Вялікага Княства Літоўскага Казімір I Ягелончык (1440-1492) загадаў пабудаваць у Зэльве праваслаўную царкву, выдаўшы з гэтай нагоды прывелеі. Царква была пабудавана, а з цягам часу, пасля Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 года, пераўтворана ў уніяцкую.
17 ліпеня 1477 года ў дакументах знаходзім першую звестку аб Малой Зэльве, калі яе ўладальнік сын Гінейта з роду Зарэмбаў – Івашка Гінейтовіч зафундаваў тут касцёл пад тытулам Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі, святога Крыжа і святога Яна Хрысціцеля. Касцёлу надаў дзесяць падданых сялян, жывучых у Малой Зэльве каля ракі Зэльва. Вось іх прозвішчы: Мікалай Марковіч, Іванеч Мыкразын, Іван Настковіч, Мікалай Літвін, Пархвей, Строк, Зеньковіч.
Івашка Гінейтовіч таксама абавязаўся пастаўляць касцёлу са свайго двара штогод дзве бочкі мёду, адну копу літоўскіх грошай для касцельных слуг, адзін “камень” воску на святло ў касцёле. Касцёлу надалі два лугі, адзін з якіх знаходзіўся на балоце Вашбуты, другі – над ракою насупраць касцёла. Надаў трох слуг з зямлёй і агародамі для плябанскага фальварка, поле з гаем насупраць свайго двара, дзве дзесяціны з двароў Зэльва і Напшасводна.
20 кастрычніка 1503 года, пасля смерці бяздзетнага Івашкі Гінейтовіча, кароль Аляксандар аддаў Малую Зэльву з вёскамі Бельгевічы, Варонічы, Кашалевічы, Канюховічы, Жэрдная, Рагозніца і Хахнішэвічы “на вечнасць” старасце жмудскаму і кашталяну віленскаму Станіславу Янавічу Кезгайлу (Кежгайлу) (1450-1527).
У Кезгайлаў Малая Зэльва знаходзілася і пасля смерці Станіслава, перайшоўшы да яго сына Станіслава Станіслававіча, старасты жмудскага і кашталяна трокскага, які ў 1528 годзе пабудаваў новы касцёл і павялічыў касцельныя ўладанні.
У 1470 г. Mixaіл Начовіч, які разам з жонкай Агрыпінай Васільеўнай з роду князёў Астрожскіх, стаў фундатарам касцёла ў Вялікай Зэльве пад тытулам Непарочнага зачацця Дзевы Марыі, святога Якуба і архангела Міхаіла. Ён таксама запісаў касцёлу дзесяціну ўсякага збожжа са свайго двара ў маёнтку Шылавічы каля Слоніма і сем падданых людзей з маёнтка Малашковічы каля Слоніма. За гэта ксяндзы ў касцёле служылі за памерлых родзічаў Начовіча дзве імшы на тыдзень.
Яго ўдава Агрыпіна вяла доўгі спор за межы свайго маёнтка з удавой Васіля Копача з Дзярэчына. Жанчыны гэтым працэсам вызвалі столькі шуму, што справа дайшла да самога караля Казіміра Ягелончыка, які павінен быў назначыць камісію на чале старасты драгічынскага Ілініча, каб яна дапамагла знайсці мяжу. Працэс скончыўся ў 1478 годзе. Мікалай Іванавіч Ілініч жаніўся на Агрыпіне, удаве па Міхаілу Начовічу. Такім чынам Зэльва перайшла да Ілінічаў.
Маршалак надворны літоўскі Мікалай Ілініч памёр каля 1500 года, а нашчадкам Зэльвы сталі яго тры дачкі, адна з якіх, старэйшая дачка Ганна, выйшла замуж за Мікалая Юр’евіча Зеновіча.
У 1501 годзе Ганна Мікалаеўна Ілініч атрымала ад караля Аляксандра Ягелончыка прывілей на ярмарку ў Зэльве, а 23 сакавіка 1508 года забяспечыла пры Зэльвенскім касцёле алтарыю. Яна далучыла да алтарыі 5 падданых сялян з вёскі Бародзічы, 6 стагоў сена, бочку мёду, “камень” воску, дазволіла карыстацца лесам, служачаму пры алтары ксяндзу заплаціла 2 копы грошай. Касцёлу надала 13 падданых сялян з вёскі Студзянцы Слонімскага павета, збожжавыя дзесяціны з маёнткаў Зэльва, Вялікая Крамяніца, Шылавічы і Свіслач, карчму ў Зэльве. Дазволіла карыстацца лесам для рамонту касцёла і плябаніі. На касцельную школу і вучняў запісала 8 бочак жытняй мукі, бочку гароху і двое свіней, а на шпіталь – 2 бочкі жытняй мукі і 14 бочак гароху.
У гэтым жа годзе Ганна Іллініч пры касцёле адкрыла шпіталь для парафіян, дзе знаходзілі прытулак інваліды, састарэлыя, жабракі, хворыя. Утрымліваўся ён на сродкі касцёла, а таксама гараджан і сялян, якія павінны былі забяспечыць пражываючых харчамі і вопраткай, абуткам, палівам, займацца рамонтам будынкаў шпіталю, апрацоўваць шпітальныя агароды. У шпіталі пражываючыя атрымлівалі дах над галавой, харчаванне і лячэнне.
У валоданні Ганны Зэльва знаходзілася да яе смерці ў 1517 годзе, калі бяздзетны ўдавец Мікалай прадаў частку Зэльвы Юрыю, дзядзьку Ганны. Хутка маёнтак Вялікая Зэльва цалкам перайшоў да маршалка надворнага літоўскага Юрыя Іванавіча Ілініча (?-1526), які ў 1519 годзе абмяняў другую частку Зэльвы на Івацэвічы ў пляменніка Мікалая Мікалаевіча Ілініча. Тады ж у 1519 годзе Мікалай Ілініч фундаваў алтарысту пры алтары Святой Ганны ў касцёле штогадовую выдачу збожжавай дзесяціны, “ушатка” мёду і палову копы грошай са свайго маёнтка Шылавічы ў Слонімскім павеце.
Пры Юрыю Ілінічу ў 1524 годзе Вялікая Зэльва ў дакументах стала называцца мястэчкам Ваўкавыскага павета. 28 мая 1527 года ў Кракаве кароль Жыгімонт выдаў пацвярджэнне Яну, Станіславу і Шчаснаму, сынам нябожчыка Юрыя Іванавіча Ілініча, на маёнтак Зэльва, прычым Шчаснаму разам з часткай Зэльвы дасталася Зэльвенская пушча. З цягам часу Зэльва апынулася ў валоданні аднаго Шчаснага, які перадаў яе ў спадчыну свайму сыну Юрыю.
Менавіта ў 1526 годзе ў час валодання Зэльвай сынамі Ілініча, праз Зэльву праязжаў пасол Свяшчэннай Рымскай імперыі С.Герберштэйн.
У 1536-1565 г.г. у дакументах Зэльва ўпамінаецца як гаспадарскае ўладанне.
У 1537 годзе ў Літоўскай метрыцы згадваецца, што да сваіх уладанняў Ружаны і Мількаўшчына, Мікалай Юр’евіч Пац, падкаморы ВКЛ, далучыў маёнткі каралевы Боны: Скідзель, Зэльву, Масты, Дубна.
У 1550-1560 маёнткамі Малая Зэльва валодаў Станіслаў Камароўскі, а Вялікай Зэльвай – Ян Глябовіч.
У 1568 годзе бяздзетны ваявода берасцейскі Юрый Шчасновіч запісаў свае ўладанні - Вялікую Зэльву, Мірскае графства, Дворышча (Лідскі павет), Чарнаўшчыну і Белую (Берасцейкае ваяводства) - стрыечнаму брату, князю Мікалаю Крыштофу Радзівілу па мянушцы Сіротка (1549 – 1616).
25 мая 1573 года князь Мікалай Радзівіл выдаў грамату на правядзенне ў Зэльве валочнай памеры, а на наступны 1574 год ён прыслаў сюды сваіх рэвізораў Ваўжынца Кернажыцкага і Сымона Тулоўскага, каб зрабіць валочную памеру маёнтка і надзяліць вакольную шляхту 15 валокамі зямлі. 20 снежня 1578 года Мікалай Радзівіл выдаў застаўную грамату на свой маёнтак Зэльва Бальцару Левальту Язерскаму. Бальцар Язерскі быў дваранінам князя Мікалая Радзівіла Чорнага, які даручыў яму выхаванне свайго сына Мікалая Крыштофа.
2 кастрычніка 1581 года князь Радзівіл запісаў маёнтак Язерскаму ў якасці падарунка, а праз два дні, 4 кастрычніка, кароль Стафан Баторый выдаў Язерскаму пацвярджальную грамату на валоданне Вялікай Зэльвай.
У адрозненні ад маёнтка Вялікая Зэльва, землі маёнтка Малая Зэльва былі каралеўскімі ўладаннямі, а таму надаваліся падданым караля ў якасці ўзнагароды.
Пасля смерці ў 1532 годзе Станіслава Станіслававіча Кезгайлы Зэльва, як і многія іншыя ўладанні, у тым ліку і Мсцібава, адышлі да караля Жыгімонта Аўгуста. Праз год, у 1533 годзе, каралева Бона пераняла іх у сваю гаспадарку і аддала ва ўпраўленне выпрабаванаму супрацоўніку Івану Гарнастаеву, падкаморніку земскаму. Ён не дапусціў паноў да нагляду за публічным дабром, жыцця лёгкага ад гэтага не меў і ў адным лісце да караля пісаў: “А калі панны-гаспадыні захочуць мяне біць і за бараду браць, Ваша Міласць будзе ласкавы мяне бараніць”. У 1540 – 1542 гадах падскарбі земскі, пісар ВКЛ і маршалак надворны Іван Гарнастай завецца старастай слонімскім і мсцібогаўскім, дзяржаўцам зэльвенскім, бірштанскім і дарсунішскім. Валодаў Зэльвай да смерці ў 1558 годзе.
23 жніўня 1533 года па загаду каралевы Боны ў Вільну прыбылі зэльвенскія і мсцібаўскія баяры, якія павінны былі прадставіць ёй дакументы на валоданне зямельнай маёмасцю. Значная частка баяр-шляхты і путных баяр з’явілася ў Вільну без дакументаў, тлумачачы іх адсутнасць даўнасцю атрымання зямлі. Баярын Касцюшка з братам Станіславам мелі 12 цяглых службаў і 10 агароднікаў, якія іх бацька атрымаў за сваю службу ў Станіслава Кезгайлы 30 год назад. Уладальнікі 8 цяглых службаў баяры Іван, Фёдар, Міхаіл і Андрэй таксама паведамілі, што іх бацька атрымаў за сваю службу цяглых сялян 15 год таму назад ад сына Кезгайлы без ніякіх дакументаў. Гэта пацвердзілі іншыя баяры. Баярын Шымко меў 4 агародніка з фальваркам без дакументаў на працягу 50 год, і жаніўся на простай сялянцы з дазволу Станіслава Янавіча Кезгайлы. Стралец Міхно Ганусовіч не меў дакументаў на дзве пустыя землі, якімі валодаў 20 год. Нягледзячы на адсутнасць у баяр дакументаў, каралева Бона пакінула ім землі ў іх валоданні.
У 1558 г. сяло Зэльва – цэнтр войтаўства ў Гродзенскай каралеўскай эканоміі, на асадзе. Мела адну вуліцу, 46 валок прыдатнай i 42 валокі непрыдатнай зямлі. У ліку насельніцтва згадваюцца рамеснікі: ганчары, рэзчыкі па дрэве, ткачы, пекары, гapбарнікі, свечнікі i інш.
Пасля рэформы 1565-66 гг. Зэльва – цэнтр войтаўства ў Навагрудскім ваяводстве.
У 1569 годзе Малой Зэльвай валодаў Станіслаў Няміра, але ў канцы 16-га стагоддзя паасобна назвы маёнткаў Вялікая і Малая Зэльвы ў дакументах амаль не сустракаюцца.
У 1592 годзе часткай Зэльвы валодаў падкаморы ваўкавыскі Юрый Мацвеевіч Юндзіл, які запісаў Зэльву ў пажыццёвае валоданне жонцы Рэгіне Багавітынаўне.
Яшчэ звесткі пра двор у Зэльве адносяцца да 1616 г., калі яна ўжо знаходзілася ў валоданні вялікага гетмана літоўскага Льва Сапегі.
У 1616 г. мястэчка складалася з 3 вуліц (Дворная, Мяжэрыцкая, Ваўкавыская) i рынку, налічвалася 105 сем'яў. Існавалі 17 корчмаў, 2 млыны.
У 1619 годзе “на Зэльве сядзеў” ужо маршалак ваўкавыскі Ян Юндзіл.
Ад Юндзілаў частку Зэльвы набыў стараста мсціслаўскі Юзаф Корсак, у якога ў 1632 годзе яе выкупіў Леў Сапега. На яго сродкі ў мястэчку Зэльва пабудавалі касцёл, што адзначыў падчас сваёй інспекцыі ў 1633 годзе біскуп віленскі Абрахам Война.
У 1633 годзе Леў Сапега падараваў Зэльву свайму сыну Яну Станіславу Сапегу (?-1635), маршалку ВКЛ. На той час у Зэльве мелася 5 вуліц і пражывала 143 сям’і.
У 1634 годзе князь Сапега аб’явіў, што выдзяляе Зэльве шэсць зямельных участкаў для рамеснікаў, якія маюць жаданне перасяляцца на пастаяннае месца жыхарства ў мястэчка, што прывяло да значнага росту Зэльвы і развіцця рамяства і гандлю.
Ян Сапега не меў нашчадкаў, а таму пасля яго смерці Зэльва перайшла да роднага брата, падканцлера літоўскага Казіміра Леапольда Сапегі (?-1656). У 1643 годзе ён прымаў тут караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV.
У 1655 годзе, не маючы нашчадкаў, Казімір Леў Сапега запісаў Зэльву разам з іншымі маёнткамі свайму хрэсніку, “пісару польнаму літоўскаму” Аляксандру Гіляру Палубінскаму. Ён жа ў 1657 годзе атрымаў ад караля ў пажыццёвае валоданне стараства ваўкавыскае з войтаўствам поразаўскім і шэраг іншых маёнткаў і пасад.
У той час, калі Палубінскі валодаў Зэльвай, адбывалася самая жорсткая паласа вайны 1654-1667 гг. паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай.
25 жніўня 1660 года пад мястэчкам Зэльва адбылася бітва паміж войскамі Маскоўскага гарнізона і дывізіяй віцебскага кашталяна Паўла Сапегі ў саюзе з украінскім ваяводам Чарнецкім, у выніку якой былі выбіты маскавіты з мястэчка. У той жа дзень ліцвінскія харугвы пад Зэльвай, Галынкай і Дзярэчынам разбілі тры непрыяцельскія раз’езды. Потым Маскоўскія атрады былі разбіты каля в. Палонка (цяперашні Слонімскі раён ).
Гэта вайна прынесла Беларускаму краю вялікія разбурэнні і незлічоныя людскія страты – загінуў кожны другі жыхар Беларусі. У пастанове сейма, прынятай у 1661 годзе, становішча асобных зямель Зэльвеншчыны характарызуецца наступным чынам: “….Слонімскі павет (уваходзіла Дзярэчынская воласць) дашчэнту спалены і разрабаваны, а Ваўкавыскі (уваходзіла Зэльвенская воласць) у многіх месцах пагарэўшы…”.
Памёр Гіляр Палубінскі 7 снежня 1679 года ў суседнім з Зэльвай Дзярэчыне. На момант смерці ён быў маршалкам ВКЛ, старастай ваўкавыскім і іншых старастваў. Пераемнікам стаў яго сын Крыштоф Канстанцін Палубінскі, які, не маючы нашчадкаў, 17 жніўня 1685 года запісаў Зэльву сваёй сястры Ізабеле Гелене, якая хутка выйшла замуж за стольніка літоўскага Юрыя Станіслава Сапегу. У шлюбе яны мелі сына Антонія і дачку Саламею-Ганну.
У часы ліхалецця, названага “патопам”, калі з усходу здзяйснялі набегі войскі Маскоўскага царства, а з захаду шведы, разам з жыхарамі пацярпелі і зэльвенскія касцёлы. Віленскі біскуп-суфраган Мікалай Слупскі, які інспектаваў касцёлы ў 1674-1675 гадах, наведаў Зэльву адразу пасля ваенных дзеянняў. Убачыў тут касцёл, які знішчылі падчас “наезду маскоўскага”, драўняны і старажытны, але без звона. Касцёла ў былой Малой Зэльве ўжо не існавала.
Большасць часу Ізабела і Юрый Сапега здавалі Зэльву ў арэнду розным арандатарам. У 1664 г. у мястэчку было 120 двароў, 780 жыхароў.
У 1687 годзе яны аддалі яе ў арэнду Дамініку Радзівілу за 25 тысяч злотых. У 1700 годзе за 15800 злотых – Зыгмунту Ярмуловічу, а ў 1709 годзе за 8000 злотых яе арандаваў Юрый Канажэўскі, а пазней – нехта Саковіч.
У 1701 годзе ў Зэльве пражывала 806 чалавек, а ў 1785 г. – 1169. У гэты час некаторыя мястэчкі, якія апынуліся ў выгадным эканамічным становішчы, сталі перарастаць у гарады. Аднак з Зэльвай гэта чамусьці не адбылося, хоць па колькасці пражываючых Зэльва ўваходзіла ў спіс буйных мястэчак Беларусі, мела вялікі гадавы кірмаш з абаротам у некалькі мільёнаў рублёў.
У 18-ым стагоддзі Сапегі назвалі свае валоданні графствам. Сын Юрыя і Ізабелы – Антоній Казімір Сапега (1689-16.05.1739), якому Зэльва дасталася ў спадчыну, аддана заняўся ўладкаваннем мястэчка, атрымаўшы 20 мая 1720 года ад караля прывілей на ярмарку і таргі. У той самы час, акрамя ярмаркі, якая праводзілася на працягу тыдня ў канцы ліпеня, з 4 жніўня па 4 верасня пачалі праходзіць таргі, на якіх спачатку таргавалі толькі коньмі. У гонар храмавага свята святой Ганны ярмарка атрымала назву Ганненскай. З 1721 года ярмарка і таргі сталі праводзіцца разам з 25 ліпеня па 25 жніўня.
У 1723 годзе маёнтак у арэнду ад Сапегаў узяў падчашы полацкі Антоній Буйніцкі разам з жонкай Тэафілай з роду Жэромскіх.
У 1733 годзе на сродкі Антонія Казіміра Сапегі ў Зэльве быў зноў пабудаваны касцёл.
Бяздзетны Антоній Казімір Сапега ў 1739 годзе завяшчаў Зэльву свайму сваяку, 9-гадоваму Аляксандру Міхаілу Сапегу (1730-1793). У гэтым жа годзе па запрашэнню Антонія Сапегі ў Зэльву прыехаў ксёндз Габрыэль Шміт, які ў 1739 залажыў тут рэзідэнцыю ксяндзоў ордэна Піяраў, запрасіўшы іх з кляштару ў Шчучыне Лідскага павета. Піяры павінны былі ўтрымліваць сярэднюю школу з вучнямі і 6 разоў на тыдзень праводзіць імшу за фундатараў. Пад канец 18-га стагоддзя дзейнасць піяраў зменшылася, а ў 1801 годзе дакумент зафіксаваў у Зэльве толькі аднаго піяра. Паміж 1810 і 1820 гадамі іх наогул у Зэльве не было. Акрамя Зэльвы новы яе ўладальнік Аляксандр Сапега валодаў Высокім, Друяй, Старым і Новым Быхавым, Луннам і суседнім з Зэльвай Дзярэчынам. Зрабіў выдатную кар’еру: у 1762-1675 гадах -гетман польны ВКЛ, з 1775 года - канцлер ВКЛ. Збіраў кнігі, рукапісы. Стаў сапраўдным тварцом вядомых Зэльвенскіх ярмарак. На гэты час у 1775 годзе ў мястэчку было 170 двароў, з якіх 76 хрысціянскіх і 94 яўрэйскіх.
Уладальнік Зэльвы, канцлер ВКЛ Аляксандр Сапега пастаўляў на продаж на кірмаш больш за 1,5 тыс. коней англійскай, дацкай, неапалітанскай, турэцкай парод. Коні састаўлялі галоўны прадмет таргоўлі на кірмашы. Рускія тавары складалі 4/5 усяго прывозу. Дастаўляліся скураныя вырабы з Пецярбургу, Казані, Масквы, бронзавыя, медныя і жалезныя вырабы тульскіх, цвярскіх і паўлаўскіх заводаў, фафор і посуд пастаўляўся са Смаленскай губерніі. Велікарускія і еўрапейскія купцы прывозілі бакалейныя тавары і тканіны, сыры, тытунь, напоі і інш. Акрамя гандляроў на кірмаш прыязджала шмат рамеснікаў – пераплётчыкі, майстры гадзіннікаў, пазалотчыкі, рэзчыкі па дрэву і косці, токары, шаўцы, аптэкары, якія тут-жа прымалі і выконвалі заказы.
У 1764 г. у Рэчы Паспалітай адбыліся выбары новага караля. На трон быў узведзены Станіслаў Панятоўскі. За дапамогу ў каранацыі руская царыца Кацярына II патрабавала ад Панятоўскага ўраўнаважання правоў праваслаўных Рэчы Паспалітай з правамі католікаў, што і было зроблена. Аднак гэта не спадабалася многім магнатам-католікам. У 1787 годзе у г. Бар (Украіна) яны арганізавалі канфедэрацыю (ваенны саюз) на чале з Юзафам Пуслоўскім. У кастрычніку 1768 года рускія войскі, выступаючы ў абарону праваслаўных пад Дзярэчынам разбілі канфедэратаў. Але, сабраўшыся з сіламі, канфедэраты ў 1768 годзе самі нанеслі некалькі паражэнняў рускім войскам пад Слонімам і каля Баранавіч.
У 1791 годзе сойм прыняў новую Канстытуцыю, супраць якой магнацкая знаць Рэчы Паспалітай зноў стварыла канфедэрацыю і зноў пачалася міжусобная барацьба. На гэты раз Кацярына II гэту канфедэрацыю падтрымала. 3 ліпеня (4-5 ліпеня па другіх звестках) 1792 года пад Зэльвай канфедэраты сумесна з рускай арміяй уступілі ў бой з войскам Вялікага Княства Літоўскага і разбілі яго. Дзеянні развіваліся наступным чынам.
Пасля паразы ў бітве пад Мірам 10 чэрвеня літоўскі корпус Міхаіла Забела пачаў адступленне. 4 ліпеня высланы ў мэтах выведкі атрад пяхоты, які налічваў каля 1200 штыкоў, пад правадырствам маёра Ведэльштэта пры пераправе праз раку Зальвянка пад сутыкнуўся з авангардам рускай арміі. Пасля кароткага бою і заняцця пераправы, атрад да наступлення цемры ўтрымліваў пазіцыю, аднак Забела не стаў фарсіраваць раку, а загадаў атраду Ведэльштэта адступіць і далучыцца да галоўных сіл.
Пад ноч пачалася моцная навальніца і літоўскі военачальнік даў указанне разбіць каля ракі лагер, разлічваючы што непагадзь спыніць рускіх. Аднак, бліжэй да раніцы, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор'я, рускія фарсіравалі Зальвянку і нечакана напалі на літоўскі лагер. Корпус Забела быў разбіты. Адступленне літоўцаў прыкрыў кавалерыйскі атрад генерала Юзэфа Белякова. Пасля яшчэ адной бітвы пад Брэстам войскі ВКЛ адступілі за Буг, пасля чаго вайна была закончана.
У пачатку 18 стагоддзя на дарогах Беларусі з’явілася многа расійскіх даследчыкаў прыроды, географаў, пісьменнікаў. Маюцца звесткі, што ў 1777 годзе рускі сатырык, аўтар “Недоросля” Дз.Фанвізін праязжаў праз Оршу, Мінск, Слонім, Лаўрыновічы, Зэльву, Ізабелін па шляху на Бельск.
У 1785 г. у Зэльве налічваецца 147 двароў, 1169 жыхароў.
У 1794 годзе адбылося паўстанне ў Польшчы, Беларусі і Літве, якое было накіравана супраць царскай Расіі і Прусіі, якія правялі другі Раздзел Рэчы Паспалітай. Асноўнымі мэтамі паўстанцаў пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі было ўзнаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года і далейшае развіццё дзяржавы на падставе Канстытуцыі ад 1791 г. У 1794 годзе паўстанцы ўзялі ўладу ў Гародні, Ваўкавыску, Слоніме, Лідзе і іншых гарадах. Яны неаднаразова праходзілі праз вёскі Зэльвеншчыны, да іх далучаліся на некаторы час сяляне. Ёсць звесткі, што ў 1794 годзе ў Пінск з-пад Зэльвы пайшлі 600 чалавек рэгулярнага войска паўстанцаў пад камандаваннем падпалкоўніка Ахматовіча.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Зэльвеншчына была занята Расійскімі войскамі і далучана да Расіі. У складзе Расійскай імперыі Зэльва стала цэнтрам воласці Ваўкавыскага павета Слонімскай, з 1802 г. Гродзенскай губерняў.
Улады Расіі правялі шмат мерапрыемстваў па ўключэнню далучанай тэрыторыі ў агульнарасійскую гаспадарчую сістэму. Беларускія гарады і мястэчкі атрымалі ільготы, вызначаныя даравальнай граматай гарадам у 1785 годзе. Мясцовая шляхта, прысягнуўшая рускаму ўраду, атрымала тыя ж правы, што і рускія дваране, ёй пакідаліся маёнткі і прыгонныя. Адначасова, каб узмацніць свае пазіцыі на беларускай зямлі царскі ўрад раздаваў рускім дваранам былыя канфіскаваныя маёнткі, каралеўскія землі, царкоўныя ўладанні. Гэта быў гістарычны фон, на якім Беларусь стала арэнай вайны паміж Расіяй і Францыяй (1812) і арэнай паўстання 1830-1831 гадоў.
У час вайны 1812 года ў Ваўкавыску размяшчаўся штаб другой рускай арміі пад кіраўніцтвам П. У. Баграціёна. Штаб 4-га рэзервовага кавалерыйскага корпуса генерала Сіверса быў у Зэльве. Корпус складаўся з 24 эскадронаў кавалерыі, адной коннай кавалерыйскай роты і 4 рэзервовых рот. Усе яны былі размешчаны па вёсках Зэльвеншчыны і часткова ў лясах. 17 чэрвеня 1812 года Баграціён праз Зэльву пайшоў на Слонім з Ваўкавыску, з якога затым накіраваўся ў Віленскую губернію.
У канцы чэрвеня 1812 года Зэльва была занята войскамі Напалеона. Перамяшчэнне гэтай вялікай арміі суправаджалася рабункамі жыхароў. Адміністрацыйнае кіраванне ў час ваенных дзеянняў ажыццяўлялася згодна з дэкрэтам аб часовым Вярхоўным Літоўскім кіраванні. Яго асноўнай мэтай было забеспячэнне напалеонаўскай арміі ўсім неабходным: харчамі, фуражом, шпіталямі, транспартам. У насельніцтва забіралася цёплае адзенне, хлеб, жывёла.
Пад час адступлення французскіх войск флігельад’ютант генерала Дунайскай арміі Чачыгова Чарнышоў займаўся знішчэннем мастоў на р.Зальвянка, што дало магчымасць затрымаць аўстрыйцаў (якія былі саюзнікамі французаў) і дазволіла расійскай арміі бесперашкодна рухацца да Нясвіжа.
У лістападзе 1812 Зэльва была вызвалена. У выніку ваенных дзеянняў дзвюх армій край быў апустошаны, вёскі разбураны, а колькасць насельніцтва скарацілася.
Тым не менш, ніякія палітычныя катаклізмы не маглі парушыць дзейнасць Зэльвенскага кірмаша, які ў канцы 18 пачатку 19 ст. атрымаў найбольшы росквіт і прыносіў вялікія прыбыткі уладальніку Зэльвы і яе жыхарам. У 1829 годзе зэльвенскае дваровае начальства сабрала прыбытку 9488 руб. асігнацыямі, а жыхары мястэчка з найму дамоў - 740 руб. асігнацыямі.
У 20-30 гады 19 ст. прывозілася штогод тавараў на суму 2-3 млн. асігнацыямі. Па меркаванні сучаснікаў кірмаш 1830 г. быў надзвычай грунтоўны. У пацвярджэнне гэтаму прыводзіўся той факт, што “розныя штукары і вандроўныя трупы акцёраў, якія раней выходзячы з Зэльвы, вымушаны былі прасіць кавалак хлеба, у бягучым годзе засталіся задаволены зборам”.
Акрамя непасрэдна гандлёвай ролі кірмаш адыгрываў і шэраг іншых культурных функцый. Ажыццяўлялася музычнае і тэатральнае жыццё: прыязжалі акцёры, музыканты, ставіліся драматычныя оперныя спектаклі. Тэатральныя калектывы замагаліся за права выступаць на Зэльвенскім кірмашу.12 чэрвеня 1803 года Саламея Дэшнер, кіраўнік гродзенскай тэатральнай трупы, звярнулася да імператара Аляксандра I з прашэннем аб дазволе паказваць спектаклі ў м.Зэльва ў час кірмашу. Дэшнер асабіста прасіла цара перадаць ей манаполію на тэатральныя паказы ў Зэльве ў і забараніць прыязжаць трупе Мараўскай з Вільні, якая мела манаполію на летнія выступленні ў Зэльве, дзякуючы добрым стасункам з Сапегамі, яшчэ з часоў працы ў іх тэатры ў Ружанах. Зварот Дэшнер да імператара быў невыпадковым – у свой час яе трупа выступала перад імператарам і спадабалася яму. А сама антрэпрэнёрка, якая мела прывабную постаць і абыходжанне прыдворнай дамы, заслужыла асобную ўвагу імператара. У выніку яна атрымала манапольнае права на гастролі на 6 гадоў не толькі ў Зэльве, але і ў іншых месцах Гродзенскай губерніі “преимущественно пред прочими актерами, приезжающими из других губерний”. Мараўская падала сустрэчнае прашэнне, адстойваючы свае правы, але асабістае знаёмства з імператарам, пэўна згуляла сваю ролю і Саламея Дэшнер пацвердзіла сваё права выступаць у час кірмашу на працягу шасці год.
Сёння не захавалася звестак, што з рэпертуара Саламеі Дэшнер было паказана ў Зэльве, але з захаваных афішаў тых часоў можна меркаваць, што рэпертуар тэатра быў разнастайны. Ставіліся п’есы заходнееўрапейскіх драматургаў і кампазітараў, у тым ліку Паізіела, Шмідта, Дуні, Мальера, вельмі папулярнымі былі творы польскага драматурга В.Багуслаўскага.
Такім чынам кірмаш у Зэльве напачатку 19 ст., быў не толькі цэнтрам эканамічнага жыцця, але і значнай тэатральнай пляцоўкай, на якой імкнуліся выступаць лепшыя тэатральныя калектывы таго часу.
У 1831 годзе ўладальнікам маёнтка і мястэчка Зэльва быў унук Аляксандра Міхаіла – Яўстафій Каетан Сапега (1797-1860), які атрымаў Зэльву і іншыя маёнткі пасля смерці бацькі Францыска ў 1829 годзе. Удзельнічаў у паўстанні 1830-1831 года, ў якасці падпаручніка ў штабе галоўнакамандуючага генерала Скшынецкага. Мэтай паўстання было аднаўленне дзяржаўнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 года.
Армія паўстанцаў пад кіраўніцтвам генерала П. Дэмбінскага ў колькасці 3656 чалавек у ліпені 1830 прайшла па тэрыторыі Гродзенскай губерніі, у т.л. па Зэльвеншчыне. 14 ліпеня 1830 армія прыйшла ў Зэльву. Ксёндз Зэльвы Ян Коцін выходзіў да паўстанцаў з крыжам, благаслаўляў на поспех. Падчас адступлення Дэмбінскага да яго далучаліся жыхары Зэльвеншчыны.
У 1831 годзе паўстанне пацярпела жорсткае паражэнне, многія за ўдзел у ім заплацілі жыццём.
Яўстафій Каетан Сапега эмігрыраваў у Францыю. Адхіліў прапанову расійскага цара Мікалая I прыняць назад свае канфіскаваныя маёнткі ўзамен на вернападданую прысягу. У выніку чаго музейныя калекцыі, бібліятэкі і архівы Сапегаў расійскія ўлады вывезлі ў Санкт-Пецярбург. Сам Яўстафій Сапега памёр у Парыжы. Канфіскаванае мястэчка Зэльва стала дзяржаўным.
У нацыянальным гістарычным архіве беларусі ў г.Гродна, які захоўвае дакументы ўстаноў былой Гродзенскай губерніі захоўваецца “Люстрацыйны інвентар маёнтка Зэльва, канфіскаванага ў князя Яўстафія Сапегі” за 1835 год, які дае прадстаўленне пра Зэльву таго перыяду: князю належаў двухпавярховы мураваны “кафенгауз” па вул. Рынкавай, каля кафенгауза – мураваны ляднік і шынок. Цукерня, за кафенгаузам – аднапавярховы мураваны дом, драўляныя леднікі – адзін па вуліцы Конскі рынак, другі - па вул. Слонімскай, кузня, 68 мураваных “квадратовых лавак” пры вуліцы “Слонімскай” і Конскім рынку, 56 лавак “кадаўскіх”, 19 лавак “шыльняроўскіх”, 23 лаўкі званыя “новамураванымі”, 14 лавак “дубенскіх” мураваных, 8 лавак “мыдлярскіх”, 4 малыя лаўкі пры кафенггаузе, канюшня, 2 млыны мураваныя, 3 калодежы з калёсамі - 2 на жураўлях, тры будкі на вуглах вуліц для старажоў, чацвёртая на рынку каля калодежа.
У князя было зямлі пад пабудовамі, пляцамі, рынкамі і вуліцамі 2 валокі, 6 моргаў, 75 прэнтаў. Зямлі ворнай – 52 валокі, 10 моргаў, 125 прэнтаў, сенажацяў – 13 валок, 2 моргі, 47 прэнтаў, пад выганамі – 3 валокі, 277 прэнтаў.
Нягледзячы на велькія палітычныя перамены, Зэльва прадаўжала расці і развівацца. Рад абставін садзейнічаў яе росту, сярод якіх на першае месца трэба вынесці яе ўдалае геаграфічнае палажэнне. Яна знаходзілася на ўдалым гандлёвым шляху, якім з’яўляўся праходзіўшы праз Зэльву гасцінец Мінск-Слонім-Ваўкавыск-Гродна-Беласток. Па ім пастаянна рухаліся купецкія абозы, якія спыняліся ў Зэльве на адпачынак і начлег у 16 пастаялых дварах. Садзейнічала росту Зэльвы і рака Зальвянка, быўшая ў свой час судаходным прытокам Нёмана і пераўтварыўшая мястэчка ў прыкметны рачны порт.
У 1837 годзе ў Зэльве пражывала 3022 чалавека, з якіх 2367 хрысціяне і 655 яўрэяў. З іх па сацыяльнаму палажэнню: 13 – дваране, 6 – хрысціяне духоўнага звання, 2 – адстаўныя салдаты, 700 – мяшчане, большасць якіх яўрэі, 2300 – сяляне.
Кірмаш яшчэ прадаўжаў дзейнічаць у Зэльве.
Калі ў 1831-1835 годзе кошт тавараў, прывезеных на кірмаш, склаў суму ў 731806 руб., дык у 1846-50 гг. тавараабарот складаў больш за 6,5 млн. рублёў. Працавалі шматлікія рамеснікі, якія выконвалі заказы на месцы, ладзілі ігрышчы трупы акцёраў (у т.л. замежныя). Працавалі шынкі, вінніцы, піўныя, кавярні, дом для гульні у рулет¬ку («фартуна»), павільён для танцаў.
Кірмаш дапамог зэльвенцам наладзіць паштовую сувязь. Пра яе развіццё ў Зэльве маюцца звесткі ў даносе Галоўнага начальніка Паштовага дэпартамента гродзенскаму губернатару ад 19 кастрычніка 1844 года, у якім гаворыцца аб адкрыцці ў Зэльве на перыяд праходзячай там штогадовай ярмаркі паштовага аддзялення. 21 ліпеня 1860 года гродзенская губернская паштовая кантора паведаміла губернатару, што “Па распараджэнню паштовага начальства ў мястэчку Зэльва назначана адкрыць паштовае аддзяленне на перыяд ярмаркі. Гэтае аддзяленне будзе два разы на тыдзень адпраўляць у Слонім лёгкую пошту і два разы на тыдзень такую ж атрымліваць са Слоніма”.
17 верасня 1845 года падпалкоўнік корпуса жандараў Прасолаў даносіў Гродзенскаму губернатару Ф. І. Васькову, што атрымаў ад гандлюючых у Зэльве купцоў запіску ў якой яны хадайнічаюць аб наладжванні другога гадавога кірмашу з 2 па 20 лютага. Сам Прасолаў падтрымліваў хадайніцтва, бо лічыў, што гэта “паспрыяе большаму распаўсюджванню ў тутэйшым краі гандлёвых абаротаў, асабліва рускімі фабрычнымі таварамі, і даставіць мясцовым жыхарам значныя выгоды, а казне новую крыніцу прыбыткаў праз здачу ў наём лавак і іншых дамоў і памяшканняў…”.
Што тычыцца прыбыткаў казны, то на кірмашы былі розныя зборы, якія звычайна казна аддавала ў арэнду з таргоў адкупшчыкам, што вельмі негатыўна паўплывала на даход купцоў. Дайшло да таго, што даход з лаўкі нязначна перавышаў расходы на яе ўтрыманне. У 1838 годзе люстрацыйная камісія пастанавіла забраць ад адкупшчыкаў кірмашовыя зборы і перадаць справаздачнаму ўпраўленню, мясцовай адміністрацыі фальварка Зэльва, даўшы ёй на ўсе расходы і на аплату працы 10 працэнтаў. Паляпшэнне падатковай сістэмы адразу адбілася на павышэнні абароту кірмашу.
У 1840-1850 г.г. кошт прывозімых тавараў быў яшчэ высокі, але працэнт іх продажу скараціўся. З 1852 года тавараабарот прадаўжаў змяншацца: у 1851-1855 ён склаў 3,8 млн. руб., у 1856-1860 – 3,36 млн. руб.
У 1857 годзе у Зэльве налічвалася 240 двароў,1950 чалавекі.
У тым жа годзе губернатар гродзенскі Шпэейр звярнуўся да ўладаў з просьбай перанесці кірмашы з Зэльвы ў Гродна. Справа пэўны час вывучалася. Вырашэнне лёсу Зэльвенскіх кірмашоў прыспешылі знішчаныя пажарам мураваныя крамы, пабудаваныя ў чатыры рады на плошчы Зэльвы незадоўга да паўстання 1863 года.
Чакаемага адкрыцця другога кірмашу ў Зэльве не атрымалася. На працягу 1850-1870 г. кірмаш паступова траціў сваю былую веліч і славу аднаго з буйнейшых гандлёвых цэнтраў Беларусі. Неўраджаі і войны, паўстанне 1863 года, будаўніцтва варшаўска-пецярбурскай чыгункі, і, нарэшце, загад уладаў аб перанясенні кірмашоў у Гродна прывялі да яго канчатковага ўпадку. Гэта было заканамерным працэсам – на змену перыядычнаму гандлю, які абслугоўваў адносіны паміж вытворцамі і спажыўцамі, ішоў стацыянарны гандаль, які больш адпавядаў капіталістычнаму развіццю Расійскай імперыі. Ярмаркі ў Зэльве скончыліся, а ў Гродне так і не набылі статусу славутых зэльвенскіх кірмашоў.
Тым не менш, пасля адмену прыгоннага права ў 1861 годзе пачалося развіццё капіталістычных адносін, якія далі моцны штуршок развіццю прамысловасці, таварным адносінам у сельскай гаспадарцы.
У 1861 годзе у Зэльве было утворана валасное упраўленне як орган сялянскага самакіравання. Яно наглядала за сборам падаткаў, адбываннем павіннасцяў, выкананнем загадаў адміністрацыйных, паліцэйскіх і судовых устаноў.
У 1863 г. у Зэльве налічвалася 163 двары, 1315 жыхароў (62% яурэі), касцёл, царква, ciнагога, млын, бровар. Паводле 10-й рэвізіі ў мястэчку ў 75 дварах было 500 душ, у 90 дварах яўрэяў – 824 душы.
У 1864 годзе зэльвенская яўрэйская абшчына мела 1 мураваную сінагогу, 2 малітоўныя дамы (1 мураванае і драўлянае). Хрысціянскае насельніцтва мястэчка мела свае храмы. У тым жа годзе колькасць прыхажан Зэльвенскай Свята-Троіцкай царквы складала 2806 чалавек, а касцёла - 1330 чал. (Пасля скасаваня уніяцкай царквы ў 1839 годзе уніяты былі далучаны да праваслаўных). Як і ў пераважнай колькасці мястэчак у Зэльве мірна суіснавалі 3 этнаканфесійныя групы насельніцтва у трохкутніку “царква-касцёл-сінагога”
У 1866 г. у Зэльве быў скасаваны касцёл, пабудова якога па раду матэрыяльных і палітычных прычын зацягнулася на дзесяцігоддзі (у 1908 г. пабудаваны новы).
У гродзенскім гістарычным архіве дакументы фондаў гродзенскага губернатара, губернскага праўлення і губернскага статыстычнага камітэта ўтрымліваюць звесткі пра развіццё прамысловасці ў Зэльве.
“Ведамасць пра вінакурню ў Зэльве за 1870 год” распавядае, што яна належала памешчыцы Памелі Крывіцкай, мела 4 чаны, працавалі тут 1 майстар і 5 вольнанаёмных рабочых. У 1870 годзе выпускала прадукцыі на 720 рублёў.
У 1874 годзе ў Зэльве мешчанінам Аронам Ротным быў заснаваны піваварны завод. Завод скарыстоўваў 12 пудоў ячменю ў дзень. Размяшчаўся ён у драўляным будынку. У 1884 годзе ён выпускаў 2250 вёдзер піва на 1690 рублёў. Акрамя гэтага меліся яшчэ дзве піваварні, якія належалі Салуцкаму і Шапіру.
У 1875 годзе была ўтворана мяшчанская ўправа, якая ведала зборам падаткаў і выкананнем мяшчанамі воінскай павіннасці, улікам выпраўленчых пакаранняў і інш.
Па звестках Спісу ведамасцяў пра фабрыкі і заводы Ваўкавыскага павета за 1876 год у Зэльве было 2 мёдаварныя заводы Вішняцкага і Ротнага. Мёдаварня Ротнага была заснавана ў 1860 годзе. На выраб мёду выкарыстоўваліся мёд і хмель. Вырабляліся хмельныя напоі ў 2 чанах. Працаваў адзін майстар і сам гаспадар. У 1868 годзе было выпушчана прадукцыі на 450 рублёў. Збыт прадукцыі праводзіўся на месцы праз розных перакупшчыкаў.
Гарбарны завод, заснаваны ў 1846 годзе, належаў Арону Лявінскаму і размяшчаўся на беразе р.Зальвянкі на адлегласці 290 сажняў. У архівах захаваўся чарцёж завода і мясцовасці вакол яго, на якім паказаны пляц Лявінскага, яго жылы дом, гарбарны завод, жылыя дамы жыхароў – драўляныя і мураваныя, лаўкі, школа, р.Зальвянка, могілкі, дом святара.
Быў таксама ў Зэльве млын, які належаў Мікіце Канстанцінаву, працавала на ім 6 рабочых, прадукцыйнасць складала 5 тысяч рублёў.
Імклівае развіццё тэхнічнага прагрэсу на пачатку 19 ст. патрабавала прыходу ў прамысловасць адукаваных кадраў. У насельніцтва ўзрастае цікавасць да атрымання адукацыі.
Па гісторыі народнай адукацыі дакументы ўтрымліваюцца ў фондах Гродзенскага гістарычнага архіву “Гродзенская дырэкцыя народных вучылішч”, “Ваўкавыскі інспектар народных вучылішч” і іншых. У Зэльве ў 1860 годзе былі адкрыты два народныя вучылішчы: мужчынскае і жаночае, дзе вучыліся дзеці мяшчан і зажытачных местачковых сялян.
У 1875 годзе за кошт жыхароў Зэльвы быў пабудаваны будынак школы. Ён быў мураваны, але невялікага памеру (ёсць меркаванне, што гэта будынак цяперашняй санстанцыі). У адпаведнасці з “Памятнай кніжкай Гродзенскай дырэкцыі народных вучылішч 1889-1890 г.г.” на Зэльвеншчыне ў той час таксама працавала 13 народных вучылішч, адно з якіх было ў Зэльве.
У 1885 годзе ў Зэльве налічвалася 294 двары з 3053 жыхарамі, у тым ліку – дваран 2 чалавекі (католікі), духавенства – 6 чалавек (3 праваслаўнага, 3 іудэйскага веравызнання), местачковых -1410 чалавек ( у асноўным яўрэі). Мелася праваслаўная царква, 5 яўрэйскіх сінагог, адна сялянская школа. Дзейнічалі 3 заводы, 2 млыны, 42 лаўкі, 11 корчмаў. Гандлем займаліся 613 жыхароў, рамесніцтвам – 227, промыслам у іншых мясцовасцях – 320, паслугамі – 250, земляробствам – 93.
Прафесійную структуру насельніцтва мястэчак можна ўявіць на прыкладзе Зэльвы па матэрыялах перапісу 1897 г. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродна захавалася частка перапісных лістоў, складзеных у мястэчку. Гэтыя дадзеныя няпоўныя, аднак усё ж дазваляюць заўважыць разнастайнасць заняткаў жыхароў.
Сярод яўрэяў найбольш пашыранымі рамесніцкімі спецыяльнасцямі былі кравецтва і шавецтва. Краўцоў налічвалася 13 (з іх 7 майстроў), шаўцоў - 7 ( з іх 5 майстроў). Сталяроў было 4, рабочых – 4 (2 на млыну, 1 на сукнавальні, 1 на хлебапякарні), цесляроў – 3, раміснікаў – 3, муляроў – 2. У мястэчку быў 1 шкляр, 1 мяснік, 1 каваль, 1 слесар, 1 пячнік, 1 прачка, 1 пераплётчык, 1 перапісчык яўрэйскіх малітоўнікаў, 1 меламед (настаўнік хедэра – яўрэйскай рэлігійнай пачатковай школы) – Шмуель Індзіцкі. Кандыдатам у равіны названы Зэлман Касоўскі. Сярод яўрэяў знаходзім таксама лесапрамыслоўца (Шмуель Барадзіцкі), гаспадара «завода колёсной мази» (Маня Маньскі), арандатара пошты (Абрама Шапірштэйна), 2-х арандатараў кабакоў (Хая Салуцкая, Іцка Спароўскі), 3-х гандляроў хлебам, 3-х гаспадароў дробных крамаў, 2 яўрэя пазначаны як «тряпочники». Многія яўрэі былі занятыя ў сферы дробнага гандлю і пасрэдніцкіх паслуг. Такім чынам, яўрэі былі актыўнымі ўдзельнікамі неземляробчага сектара эканамічнага жыцця мястэчка. Толькі адна яўрэйская сям'я Зэльвы, паводле дадзенай крыніцы, займалася агародніцтвам.
Гаспадарчая дзейнасць хрысціянскага насельніцтва Зэльвы не была такой разнастайнай. Сярод гэтай часткі местачкоўцаў названы сельскі ўрач (Лабадоўскі Аляксей Матвеевіч, скончыў Кіеўскі ўніверсітэт), настаўнік Зэльвенскага народнага вучылішча (Клімук Трафім Паўлавіч, скончыў настаўніцкую семінарыю), 2 прачкі, 1 пакаёўка, 1 кухарка, 1 вартаўнік пры народным вучылішчы, 1 рабочы пры чыгунцы. Пераважная большасць хрысціянаў займалася земляробствам. Прычым сярод сем’яў, якія жылі земляробствам, знаходзім і дваранскую сям’ю Вярбоўскіх. А дваранка Марыя Здановіч была “работніцай пры домаўладальніку” у сялянскай сям’і Вікенція Лойкі.
Па дадзеных усерасійскага перапісу насельніцтва 1897 г. у Зэльве чыслілася 2802 жыхары: 1361 мужчын, 1441 жанчын (з гэтых лічбаў сялян - 470 мужчын, 421 жанчын; асобаў несялянскага саслоўя – 842 мужчын, 981 жанчын).
Сярод жыхароў Зэльвы перапіс 1897 года фіксуе цыганскую сям’ю Сарачынскіх (з 10 чалавек па веравызнанню католікі).
Як і ў кожным беларускім мястэчку, насельніцтва Зэльвы было поліканфесійным і поліэтнічным. Прычым межы паміж этнічнымі і канфесійнымі групамі былі даволі трывалымі. Пра гэта сведчыць адсутнасць змешаных шлюбаў. Амаль не было выпадкаў, каб яўрэі і хрысціяне здымалі кватэру ў адным доме. Тым не менш яўрэйскае насельніцтва, якое было больш прадпрымальным, разам з хрысціянскімі жыхарамі, якія асвойвалі новыя віды рамёстваў, стварыла найбольш актыўную і адукаваную частку этнічнай беларускай супольнасці.
У 80-я гады 19 стагоддзя пачалося будаўніцтва чыгункі Беласток – Баранавічы, якая праходзіла каля Зэльвы. Жыхары Зэльвы звярнуліся да вышэйшага начальства з хадайніцтвам збудаваць тут станцыю. Начальнік будаўніцтва Беластоцка-Баранавіцкай дарогі адмовіў, матывуючы тым, што лінія дарогі тут не можа прайсці з-за нязручнасці мясцовасці. Тады да зэльвенцаў з хадайніцтвам далучыўся ваўкавыскі павятовы прадвадзіцель дваранства, які так аргументаваў неабходнасць пабудовы чыгуначнай станцыі каля Зэльвы, звяртаючыся да гродзенскага губернатара 23 снежня 1883 года: “Мястэчка Зэльва ў былыя часы было цэнтрам вялікага гандлю, славілася сваімі кірмашамі, на якія прывозілі тавары купцы з усіх куткоў Расіі і Прывіленскага краю, з непракладкаю жа сеткі чыгуначных дарог значэнне гэтага мястэчка для торгаў падае, як апынуўшагася аддаленым ад дарог зносінаў, гэтак, што цяперашні месячны кірмаш з 25 ліпеня па 25 жніўня па нязначнасці абаротаў дае нагляднае ўяўленне пра незайздроснае становішча Зэльвы ў гандлёвым сэнсе. Насельніцтва гэтага мястэчка даволі значнае і ў асноўным складаецца з яўрэяў, заўсёды займаўшыхся прамысловым прадпрымальніцтвам больш ці менш, бяднее і даходзіць да галечы. Акружаючыя мястэчка Зэльву землеўладанні і сялянскія землі па якасці глебы, яе ўрадлівасці, прадуктыўнасці і колькасці лугоў, уяўляюць самую квітнеючую частку Ваўкавыскага павета, але знаходзячыся далёка ад збыту харчовых тавараў, нясуць вялізныя страты ў гандлі прадукцыяй земляробства”.
Зварот жыхароў Зэльвы не застаўся без увагі ўладаў і ў 1886 г. была адкрыта ст. Зэльва на ўчастку жалезнай дарогі Баранавічы – Беласток.
У канцы 19 ст. насельніцтва мястэчка ў асноўным займалася рамяством. У канцы 1891 г. у Зэльве налічвалася адно рамеснае ўпраўленне, агульная колькасць рамеснікаў – 52 чалавекі. Размеркаванасць па рамёствах была наступнай: шаўцоў – 16 чалавек, краўцоў – 12, кавалёў – 8, бляхароў – 1, рымараў – 1, калёснікаў – 1, сталяроў – 8, пераплётчыкаў – 8, шапавалаў – 3.
У 1897 г. у Зэльве 338 двароў, 2879 жыхароў, царква, сінагога, 4 яўрэйскія малітоўныя дамы, мужчынскія i жаночыя народныя вучылішчы, паштовае аддзяленне, хлебазапасны магазін, гарбарня, піва- i медаварні, свечачны завод, шынок, аптовы склад вінаў, 9 корчмаў, 58 валок зямлі. У маёнтку 6 двароў, 65 жыхароў, вадзяны млын, крахмальны завод (4 двары, 18 жыхароў), карчма, 2 вадзяныя млыны (2 двары, 7 жыхароў). На чыгуначнай станцыі 3 двары, 32 жыхары, вадакачка, чыгуначныя майстэрні (13 жыхароў).
Што датычыцца гандлю, то як на пачатку, так і ў канцы 19 стагоддзя ў асноўным ён быў у руках яўрэяў. Унутраны гандаль у гэты час складаўся з продажу гарэлкі, піва, мёду, солі ў корчмах і шынках, перакупу ў сялян хлеба і жывёлы ў абмен на жалеза, ячмень, тытунь, гарэлку, продажу на кірмашах і базарах бакалейных і тэкстыльных тавараў.
У гэты час значна расшырыўся гандаль жывёлай. У 1902 годзе быў адноўлены кірмаш у Зэльве. На ім ў асноўным збывалі свой тавар сяляне. Галоўнымі заправіламі на кірмашы па ранейшаму заставаліся скупшчыкі, якія былі прадстаўлены ва ўсіх відах гандлю.
У 1904 г. у мястэчку налічвалася 2830 жыхароў, у маёнтку 28 жыхароў. У гэтым жа годзе для дзяцей мяшчан-яўрэяў было адкрыта гарадское вучылішча.
У 1904-1909 г.г. вядзецца рэканструкцыя Зэльвенскай праваслаўнай царквы. Згодна з пісьмовымі згадваннямі, храм пабудаваны ў 1815 годзе, як уніяцкі касцёл, па праекце архітэктара Аляксандра Градзецкага, на падмурку старажытнай драўлянай праваслаўнай царквы, датаванай па адных крыніцах 1434, па іншых 1443 годам. І толькі ў 1904 – 1909 гадах перабудаваны працамі святара Язэпа Янкоўскага на сродкі ўрада сінода і ахвяраванні вернікаў, па праекце архітэктара І. К. Плотнікава, тады ж дабудавана званіца, а ў 1910 годзе зноў асвячоны як праваслаўны кіруючым біскупам Міхаілам.
Прыкметай Божае ласкі да храма з’яўляецца наяўнасць цудатворных святынь. Дзве асабліва ўшанаваныя ў храме іконы, падораныя ў 1867 годзе праязжаўшым праз Зэльву імператарам Аляксандрам II, маюць асаблівае значэнне як найбольш намоленыя. Сярод іх, храмавы абраз Найсвяцейшай Тройцы і дакладная копія з арыгіналу – цудатворны абраз Ціхвінскай Маці Божай з надпісам на іканастасе “Дар государя императора”.
У пачатку 20 ст. у межы Зэльвы ўвайшла Малая Зэльва.
У 1908 – 14 гг. працаваў лесапільна-габлявальны завод (у 1914 г. 65 рабочых).
У 1913 годзе жывёлапрамыслоўцы Зэльвы ўзбудзілі хадайніцтва пра адкрыццё станцыі Зэльва для перавозкі жывёлы ў Ваўкавыск, таму што перагон жывёлы да Ваўкавыска на адлегласці 20 вёрст вельмі стратны – жывёла значна губляе ў вазе. Між іншым, у раёне станцыі Зэльва мелася 4 буйныя эканоміі: у Князеве, Рагозна, Мештавічах і Бязводна, і некалькі менш значных, якія займаліся развядзеннем жывёлы і збытам на спажывецкім рынку – за год са станцыі Зэльва адпраўлялася да 2450 галоў свіней і да 100 вагонаў буйной рагатай жывёлы.
Напярэдадні першай сусветнай вайны ў Зэльве была пабудавана бальніца, у ёй працаваў адзін урач, адзін фельдчар і адна медсястра. Лячэнне было платным. Нягледзячы на ваенныя дзеянні, ў Зэльве працавала паштова-тэлеграфнае аддзяленне, пазыкова-ашчаднае таварыства і крэдытнае таварыства.
З восені 1915 г. Зэльва была акупіравана германскімі войскамі.
Вестка аб перамозе Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1917 годзе дакацілася да Зэльвеншчыны і з’явілася штуршком да пад’ёму барацьбы супраць кайзераўскіх акупантаў. Пасля таго, як былі ануляваны ўмовы Брэсцкага міру з Германіяй, у Беларусь былі накіраваны часці Заходніх армій. У канцы снежня 1918 г. Зэльвеншчына была вызвалена, пачалі стварацца Саветы рабочых і сялянскіх дэпутатаў. З студзеня 1919 г. прадстаўнікі Зэльвы прысутнічалі на другім Ваўкавыскім павятовым сялянскім з’ездзе.
З 01.01.1919 г. Зэльва ў складзе БССР, з 02.02.1919 г. у Літоўска-Беларускай ССР.
У лютым 1919 г.-ліпені 1920 г. Зэльва была акупіравана войскамі Пілсудскага. Вызвалена войскамі 4-й арміі пад камандаваннем Г. Д. Гая. Пасля вызвалення ад акупантаў уся паўната ўлады перайшла ў рукі ваенна-рэвалюцыйных камітэтаў. У канцы ліпеня-пачатку жніўня ва ўсім Ваўкавыскім павеце ствараліся валасныя рэўкомы. Зэльвенскі валасны рэўком быў створаны 25 ліпеня 1920 г. па распараджэнню палітаддзела 17-й дывізіі.
Старшынёй рэўкома быў абраны жыхар вёскі Конна К. Ф. Наруш, членамі – А. Ланцавіцкі і А. Качук, сакратаром – Маньскі. Некаторы час сакратаром быў В. Шлык. Пры Зэльвенскім валрэўкоме арганізаваны аддзелы: зямельны, харчовы, народнай асветы, сацыяльнага забеспячэння. Работай Зэльвенскага валрэўкома кіравала Зэльвенская камуністычная ячэйка, якая налічвала 25 чалавек.
20 жніўня 1920 г. адбылася новая рэарганізацыя Зэльвенскага валрэўкома. Рэўкомы існавалі нядоўга, бо Чырвоная армія восенню 1920 года вымушана была адступіць.
З 1921 г. згодна Рыжскаму мірнаму дагавору – Зэльва у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства. У гміне было 11 населеных пунктаў, 4758 жыхароў. У Зэльве дзейнічалі 2 тартакі, майстэрня па вырабе коўдраў, такарня, каўбасны цэх, пякарня, майстэрні: швейная, гарбарная, шавецкая, воўначасальная; 2 млыны (газагенератарны i вадзяны). Працавала лясніцтва, аптэка і аптэчны склад, рэстараны, булачныя, крамы. Працавала кінаперасоўка з вялікай залай для гледачоў.
Па звестках 1937 года ў мястэчку пражывала 2700 жыхароў, з якіх 1500 яўрэяў, 1000 католікаў і 200 праваслаўных.
З 1939 г. Зэльва ў складзе БССР. Каб знайсці аптымальныя формы кіравання ў пераходны перыяд у Зэльве было створана часовае ўпраўленне, якое складалася з мясцовага актыву, накіраваных з усходніх абласцей Беларусі камсамольцаў і камуністаў, прадстаўнікоў Чырвонай арміі. Была арганізавана народная міліцыя. У гэтым жа годзе заснавана раённая газета “За высокий урожай”.
Па дакументах 1939 года насельніцтва ў Зэльве – 2714 чалавек, жылых збудаванняў – 533. З прамысловых прадпрыемстваў – электрастанцыя, 2 лесапільных завода, 2 паравыя мельніцы і 1 маслабойня. Меліся таксама 3 школы, бальніца, пошта і тэлеграф.
28 кастрычніка 1939 года ў Беластоку пачалася работа Народнага сходу Заходняй Беларусі, на якой прысутнічалі прадстаўнікі і з Зэльвы. Дэлегаты прагаласавалі за савецкую ўладу і прынялі зварот да Вярхоўнага Савета СССР і Вярхоўнага Савета БССР аб прыняцці Савецкай Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні Беларускага народа ў адзіную дзяржаву БССР.
Уз’яднанне прынесла людзям радасць свабоды, а пазней – разгубленасць і роспач перад рэпрэсіўнай машынай таталітарызму. Затым былі цяжкія гады вайны. Таму так мала засталося звестак аб жыцці ў складзе Польшчы самой Зэльвы, таму гэтыя звесткі супярэчлівыя і не поўнасцю высветленыя.
З 15 студзеня 1940 г. – Зэльва гарадскі пасёлак, цэнтр раёна Баранавіцкай вобл., з 12.10.1940 г. – цэнтр сельсавета.
У гарадскім пасёлку 553 двары, 3074 жыхары; лесазавод (39 рабочых), млын, электрастанцыя, масларобны i мылаварны заводы, мэблевая i абутковая майстэрні (у абедзвюх 95 рабочых), кравецкая, шапачная (25 рабочых), кавальска-слясарная майстэрня, 2 школы, бальнща, пошта, тэлеграф, кінатэатр.
У сельсавеце было 15 населеных пунктаў, 2210 жыхароў.
У канцы студзеня 1940 г. пачаў працаваць Зэльвенскі райком партыі. Першым сакратаром быў абраны Баброў, сакратарамі – Волкаў і Скуратовіч. На першай сесіі Зэльвенскага раённага савета старшынёй райвыканкама быў зацверджаны Д. В. Шайтараў. Створаны аддзелы: фінансавы, зямельны, сацыяльнага забеспячэння, аховы здароўя, народнай асветы, гандлёвы і інш.
Новым уладам давялося пераадолець пэўныя цяжкасці, каб падтрымаць жыццяздольнасць мясцовай гаспадаркі, бо ўсе старыя сувязі былі парушаны. Пачалася кааперацыя прамысловасці, у 1940 годзе быў адкрыты райпрамкамбінат, пры якім працавалі арцелі па вытворчасці мыла, каўбас, масла, былі адкрыты хлебапякарні, слясарная арцель.
У 1940 годзе таксама пачала працаваць Зэльвенская машынна-трактарная станцыя. У МТС налічвалася 20 трактараў (з іх – 3 гусенічныя), 2 грузавых аўтамабіля, 12 трактарных і 30 конных плугоў, 16 сеялак і іншая тэхніка.
З 20 верасня 1939 года у Зэльве дзейнічала раённая бальніца на 15 ложкаў (галоўны урач Рэзнік). Амбулаторная дапамога аказвалася пры бальніцы. Хірургічным хворым аказвалася дапамога ў Ваўкавыску і Гродна. Ў 1940 годзе ў раённай бальніцы разгорнута 40 ложкаў, пры ёй быў адчынены зубны кабінет. Узначальваў Зэльвенскі райздраўаддзел з 1939 па 1941 год урач Патапаў Фёдар Фёдаравіч.
У красавіку 1940 года выйшаў першы нумар раённай газеты “За высокий урожай”. У гады Вялікай Айчыннай вайны газета друкавалася падпольна і мела назву “За Советскую Белоруссию”.
У студзені 1941 года на трох прамысловых прадпрыемствах Зэльвы працавала 114 рабочых і 171 чалавек абслугоўваючага персанала. На раённай электрастанцыі магутнасцю 35 кв. працавалі 4 чалавека, на лесапільні 16 рабочых. У пасёлку дзейнічала сярэдняя школа, у якой навучаліся 1182 вучні і працавала 35 настаўнікаў.
У Зэльве дзейнічала бібліятэка (фонд – 1800 экзэмпляраў), рэгулярна дэманстраваліся кінафільмы. Таксама працавалі паштовае аддзяленне і раённае аддзяленне сувязі з камутатарам на 30 нумароў, 5 магазінаў, 2 сталовыя, была адкрыта лазня на 30 чалавек, бальніца на 45 ложкаў, раённая паліклініка.
У пачатку 1941 года ў Зэльве пражывала 3782 чалавекі. Спадзяванні зэльвенцаў на хуткае пастраенне лепшага і спакойнага жыцця перарвала Вялікая Айчынная вайна.
22 чэрвеня 1941 года ў пасёлку Зэльва ў райкаме партыі адбыўся экстранны сход, на якім былі абмеркаваны пытанні аб пераводзе жыцця раёна на ваенны лад. Зэльвеншчына з першага дня вайны апынулася ў агні пажарышчаў і стала месцам жорсткіх баёў. Упартыя баі з наступаючым ворагам на Зэльвенскай зямлі вялі часці адступаючай 10-й і 3-й армій. Шмат чырвонаармейцаў, камандзіраў, палітработнікаў палягло на Зэльвенскай зямлі ў першыя трагічныя дні вайны. Імёны большасці з іх засталіся невядомымі.
Першымі прынялі на сябе ўдар фашысцкага нашэсця воіны Чырвонай арміі, што дыслацыраваліся на тэрыторыі раёна і пасёлка. На досвітку 22 чэрвеня фашысцкая авіяцыя разбамбіла незакончаны аэрадром каля в. Горна. У гэты ж дзень нямецкія самалёты нанеслі ўдар па чыгуначнай станцыі ў Зэльве і вайсковых часцях, раскватараваных у раёне: стралковаму палку ў в. Аляксандраўшчына, артылерыйскаму палку ў в. Холстава і Зэльва, 333-му артпалку ў раёне в. Дзярэчын, часцях, якія знаходзіліся каля вёсак Дзергілі, Мештавічы і іншых. Былі разбомблены казармы ў Зэльве, а 23-га чэрвеня – склад са зброяй, які знаходзіўся ў касцёле “на горцы”, былі знішчаны масты на шашы Зэльва – Слонім.
Часці 3-й арміі з цяжкімі баямі ўпарта імкнуліся прабіцца на ўсход, хаця зрабіць гэта было вельмі цяжка.
Уздоўж шашы Зэльва-Слонім каля в. Даўгаполічы савецкія войскі стрымлівалі наступленне разведвальнага і матацыклетна-стралковага батальёнаў, батальён пяхотнага палка праціўніка, не дапусцілі іх выхаду на запланаваную лінію Даўгаполічы-чыгуначная дарога Зэльва-Слонім. Гэты час афіцэры 3-й і 10-й армій выкарыстоўвалі для пераправы войск на правы бераг Зальвянкі. Паколькі шашэйныя масты былі знішчаны, найбольш інтэнсіўная перакідка ішла праз чыгуначны мост. 25-28 чэрвеня 1941 года разам з генералам Д. М. Карбышавым баямі за пераправу праз раку Зальвянку кіраваў генерал-лейтэнант, начальнік разведаддзела 10-й арміі А. В. Смалякоў. На пэўны час яны змаглі наладзіць няспынны паток машын і людзей.
Раніцай 29-га чэрвеня ўзмоцнены перадавы атрад нямецкай 292-й пяхотнай дывізіі скаардынаваўшы дзеянні з другімі нямецкімі часцямі на берагу ракі Зальвянка раз’яднаў савецкія войскі і вымусіў іх групамі прабівацца на ўсход.
Адна з груп, у якую ўваходзіў Д. М. Карбышаў, змагла паспяхова прабіцца праз Шчару. А вось А. В. Смалякоў з невялікай групай байцоў прыкрываў адыход і гераічна загінуў на Зэльвенскай зямлі.
На ўсход ад Зэльвы часці Чырвонай арміі трапілі ў варожае акружэнне. Пачаліся цяжкія кравапралітныя баі па прарыву варожага кальца. Доўга і ўпарта адбівалі націск ворага на поўдзень ад Зэльвы застаўшыяся ў жывых воіны 48 палка 6-й дывізіі 6-га кавалерыйскага корпуса. Большасць іх загінула, некаторыя, раненыя і кантужаныя, трапілі ў палон і затым знаходзіліся ў часовым перасыльным лагеры для ваеннапалонных у Зэльве.
Да 1 ліпеня 1941 года ўся Зэльвеншчына была акупіравана ворагам. У Зэльве адразу пачаў дзейнічаць ваенна-паліцэйскі гарнізон. Каля 150 немцаў ахоўвалі чыгунку. Таксама ў пасёлку была размешчана жандармерыя і гебітскамісар, пад кіраўніцтвам якіх чыніліся зверствы над мірным насельніцтвам. Першымі ахвярамі фашыстаў сталі актывісты, камуністы і камсамольцы, савецкія работнікі, арганізатары калгасаў. З вясны 1942 года пачаўся масавы вываз моладзі на прымусовую працу ў Германію. Летам 1943 года жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці пасёлка Зэльва і навакольных вёсак сагналі на чыгуначны вакзал і двума саставамі адправілі ў польскі горад Малкіне, дзе праз некаторы час яны былі знішчаны. Хворыя і старыя людзі перад адпраўкай у Малкіне былі растраляны ў Зэльве.
За гады акупацыі фашысты загубілі ў пасёлку 1011 жыхароў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў раёне дзейнічаў падпольны РК КП(б)Б і РК ЛКСМБ. Партызанскі рух на тэрыторыі Зэльвеншчыны зарадзіўся ў першыя месяцы вайны. Спачатку гэта былі разрозненыя атрады і групы, якія дзейнічалі ў раёне вёсак Вострава і Сліжы. Яны былі сфарміраваны з ліку партыйных і савецкіх работнікаў, воінаў Краснай арміі, трапіўшых у акружэнне, а таксама з мясцовых жыхароў. У канцы сакавіка 1942 года была створана партызанская група П. І. Булака. Са снежня 1942 года ў Ліпічанскай Пушчы дзейнічаў партызанскі атрад “Перамога”, а з снежня 1943 года брыгада “Перамога”.
З красавіка 1943 года па чэрвень 1944 года выходзіла падпольная газета “За Советскую Белоруссию”, якая з’яўлялася органам Зэльвенскага падпольнага РК КП(б)Б. У пачатку ліпеня 1944 года брыгада “Перамога” налічвала 901 партызан і складалася з атрадаў імя Суворава, імя Молатава, імя Будзёнага, “1 Мая”.
За час свайго існавання (снежань 1943 – ліпень 1944) партызаны брыгады “Перамога” пусцілі пад адкос 48 эшалонаў ворага, узарвалі 55 мастоў, 9 прадпрыемстваў, знішчылі каля 2 тысяч фашысцкіх салдат і афіцэраў.
23 чэрвеня 1944 года пачалася Беларуская наступальная аперацыя пад кодавай назвай “Баграціён” .
Зэльвенскі раён вызвалялі войскі двух франтоў – 2-га і 3-га Беларускіх. Паўднёвую частку раёна вызвалялі войскі 48-й арміі, паўночную – 3-я армія (камандуючы – генерал-палкоўнік А. В. Гарбатаў); падраздзяленні 556-га стралковага палка (камандзір П. В. Качур) 169-й Рагачоўскай стралковай дывізіі (камандзір-палкоўнік Ф. А. Вяроўкін); у паўночна-заходнім напрамку баі вёў 438-ы полк 129-й Арлоўскай стралковай дывізіі; баявыя дзеянні наземных войск падтрымлівала 4-я паветраная армія (камандуючы – генерал-палкоўнік І. А. Вяршынін), у склад якой уваходзілі 229-я, 309-я знішчальныя, 230-я і 233-я штурмавыя, 325-я начная бамбардзіровачная авіядывізія – усяго 518 самалётаў.
У складзе 3-й арміі знаходзіліся 35-ы, 40 і 41-ы стралковыя карпусы, куды ўваходзілі 120-я гвардзейская, 5, 129, 223, 250, 269, 283, 289, 348-я стралковыя дывізіі і часці ўзмацнення, 120-ы, 584, 1311-ы знішчальныя супрацьтанкавыя артылерыйскія палкі, 286-ы мінамётны полк, 1812-ы, 1888, 1901-ы самаходныя артылерыйскія палкі, 193-ці і 22-гі танкавыя палкі і 28-ая зенітная артылерыйская дывізія. Разведку ўзначальваў маёр М. Далінін.
4-я паветраная армія знішчала адыходзячыя часці праціўніка, а таксама наносіла бомбавыя ўдары па чыгуначных эшалонах.
У вызваленні Зэльвеншчыны прымалі ўдзел партызаны брыгады “Перамога” (камандзір П. І. Булак), у склад якой ўваходзілі 4 атрады з агульнай колькасцю 901 партызан.
Тапаграфічнае размяшчэнне Зэльвы спрыяла немцам. З усходняга боку забалочаная і замініраваная пойма ракі Зяльвянка не давала праходу танкам і артылерыі. Па баках пасёлка было шмат узвышаных месц, зручных для размяшчэння батарэй артылерыі і назіральных пунктаў.
На подступах да Ваўкавыска Зэльва для немцаў адыгрывала немалую ролю. Праціўнік планаваў затрымацца як мага даўжэй, каб даць магчымасць сваім адступаючым часцям замацавацца ў Ваўкавыску, бо з падзеннем Ваўкавыска Чырвонай Арміі адкрываўся шлях на Беласток, адтуль – да граніцы Усходняй Прусіі.
У зборніку баявога шляху 169-й Рагачоўскай дывізіі запісана: “У баях за мястэчка Зэльва праціўнік страціў каля 300 чалавек забітымі, параненымі і ўзятымі ў палон. Нашы падраздзяленні падбілі 6 аўтамашын, танк, бронемашыну, знішчылі 20 кулямётаў, 2 самаходныя гарматы. Захапілі 2 склады з прадуктамі харчавання, склад з медыкаментамі і склад з інжынернай маёмасцю”.
Зэльвенскі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 12 ліпеня 1944 года.
Фашысты нанеслі вялікія страты гаспадарцы раёна. Значна скарацілася насельніцтва гарадскога пасёлка. Калі ў студзені 1940 г. у пасёлку пражывала 3782 чалавекі, то пасля вайны толькі 820. У ліхалецці вайны было поўнасцю знішчана яўрэйскае насельніцтва пасёлка. Сярод жыхароў пераважалі жанчыны. У жніўні 1944 года ў г. п. Зэльва налічвалася 32 рабочыя і 59 служачых, 229 дзяцей да 12 гадоў. Тым не менш, пачаліся работы па аднаўленню жылога фонду, прадпрыемстваў, добраўпарадкаванню вуліц. Да вясны 1945 года ў раёне былі адноўлены і адбудаваны 253 жылыя дамы і 359 надворных пабудоў.
З кожным годам павялічвалася сума выдаткаў на адкрыццё новых прадпрыемстваў, культурна-бытавое будаўніцтва, развіццё народнай адукацыі.
З восені 1944 года пачынае дзейнічаць Зэльвенская МТС, пры якой арганізоўваюцца курсы па падрыхтоўцы трактарыстаў. У канцы 1945 г. колькасць рабочых на МТС склала 40 чалавек.
Пасля вызвалення Зэльвеншчыны ў 1944 годзе рашэннем раённага партыйнага сходу ў Зэльве акрыта хата-чытальня, задачай якой з’яўлялася давядзенне да насельніцтва звестак аб поспехах Чырвонай Арміі ў барацьбе з фашызмам. У канцы 1945 года хата-чытальня была рэарганізавана ў бібліятэку. Размяшчалася яна ў будынку клуба. Кніжны фонд быў створаны шляхам збора літаратуры ў насельніцтва і склаў 916 экз. Чытачоў налічвалася 116 чалавек.
У 1945 годзе пачала выдавацца раённая газета “Сталинский призыв”.
З 1945 года запушчаны ў строй Зэльвенскі масласырзавод, завод па выпуску безалкагольных напіткаў, які выпускаў 400-500 літраў газірованых вод у дзень. У перыяд з ліпеня 1944 па 1945 год адноўлена работа чыгуначнага вузла. Зноў пачалі дзейнічаць лесазавод, воўначасальня, каўбасны цэх, сталярна і маслабойня пры лесазаводзе, кавальская, кравецкая і шавецкая арцелі, сукнавальня, хлебапякарня. У 1948 годзе ўступіла ў строй электрастанцыя.
У канцы 1950-х нямала было зроблена па добраўпарадкаванні гарадскога пасёлка, расшыраны машынны парк МТС, з’явіліся новыя вуліцы: Чыгуначная, Шапавалава. За гэтыя гады была пабудавана паліклініка, кінатэатр, шэраг прадуктовых магазінаў, а таксама добраўпарадкаваны пасялковы парк.
У снежні 1957 года было створана дарожна-рамонтнае будаўнічае упраўленне №118, якое абслугоўвала дарогі мясцовага і рэспубліканскага значэння.
У 1958 годзе быў у паселку ўзведзены помнік загінуўшым воінам Чырвонай Арміі і партызанам.
20.10.1958 на паседжанні Зэльвенскага раённага Савета дэпутатаў было прынята рашэнне аб стварэнні міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі, якая ў верасні 1977 была перайменавана ў міжкалгасную перасоўную аўтаматызаваную калону №70.
1958г. – раённая газета стала называцца “Путь к коммунизму”.
У пачатку 60-х быў праведзены капітальны рамонт ГЭС, уступіў у дзеянне вадаправод, гарадскі пасёлак пашырыў свае межы да чыгункі Ваўкавыск – Баранавічы. Таксама ў 1960 годзе была адкрыта музычная школа для дзяцей. У 1961 годзе было ўтворана аб’яднанне “Сельгастэхніка” на базе рамонтна-трактарнай станцыі.
Па новым адміністрацыйна-тэратарыяльным дзяленні з красавіка 1962 года Зэльва стала адносіцца да Ваўкавыскага раёна. Работа пасялковага Савета ажыццяўлялася на грамадскіх пачатках. У склад Савета ўваходзіла 18 чалавек. Пры пасялковым Савеце працавалі секцыі і гурткі, разглядаліся пытанні добраўпарадкавання пасёлка, культурна-масавай работы. У перыяд 1963-1965гг. была разгорнута работа па будаўніцтву быткамбіната, магазінаў, пашырылася тэрыторыя аб’яднання “Сельгастэхніка”, умацоўвалася яе матэрыяльная база.
У 1964 годзе на тэрыторыі мехкар’ера №2 Слонімскай аўтабазы №11 у Зэльве працавалі 6 аўтобусаў і 12 грузавых аўтамабіляў. У 1972 годзе адкрыты першыя рэйсавыя маршруты па перавозцы пасажыраў з Зэльвы ў навакольныя вёскі.
У сакавіку 1965 года было створана прадпрыемства жыллёва- камунальнай гаспадаркі. У яго увайшло 8 структурных падраздзяленняў: участак ацяпляльных кацельных і цеплавых сетак “Паўночны” і “Цэнтральны”, водаправода і каналізацыі, жылфонду, лазневага абслугоўвання і інш.
У 1966 годзе Зэльва зноў стала раённым цэнтрам.
1967год – адноўлены выпуск раённай газеты пад назвай “Праца”, якая стала з’яўляцца друкаваным органам раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.
У 1967 годзе пачала працаваць Зэльвенская дзіцячая юнацка-спартыўная школа. Першымі трэнерамі сталі Л.П.Ган – па гандболу, Л.П.Максіменка – па шахматах, М.М.Гоман – трэнер па боксу. Затым былі адкрыты секцыі па гандболу, фехтаванню, футболу, лёгкай атлетыцы і веславанню на байдарках і каноэ.
У 1969 годзе пачалося ўзвядзенне раённага Дома культуры. Будаўніцтва вяла ПМК-19.
У канцы 60-х пачатку 1970-х гадоў у пасёлку Зэльва пабудаваны: універмаг, рэстаран, аддзяленне сувязі. У гэты час на ніве адукацыі ў пасёлку працавала 165 настаўнікаў, на ахове здароўя – 27 урачоў і 94 работнікі сэрэдняга медыцынскага персаналу. Райбальніца была разлічана на 150 месц.
1970 год – па вуліцы “Шашэйнай” для рабочых і служачых раённага аб’яднання “Сельгастэхніка” здадзены трохпавярховы жылы дом.
У 1971 годзе ў г.п.Зэльва дзейнічалі лесазавод, маслазавод, камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва (быў дабудаваны ў 1966), раённае аб’яднанне “Сельгастэхніка”, пякарня, мехкар’ер, аўтабаза.
З 1972 года ў пасёлку было адкрыта Зэльвенскае ўпраўленне меліярацыйных сістэм. Са стварэннем гэтай арганізацыі акрамя арашэння зямель выконваліся работы па асушэнні, будаўніцтву дарог, эксплуатацыі мелірыяцыйных сістэм.
На 01.01.1972 года жыллёвы фонд г.п.Зэльва склаў 30,72 тысячы квадратных метраў. У пасёлку налічвалася 811 дамоў і толькі чацвёртая частка з іх была пабудавана да 1946 г.
Тэмпы росту насельніцтва ў пасёлку складалі:
1969 год – 3,9 тыс. чалавек;
1971 год – 4,3 тыс. чалавек;
1972 год – 4,5 тыс. Чалавек.
У сакавіку 1973 года пабудавана школа па вул. Перамогі, пасля ўводу ў эксплуатацыю якой сталі ўзводзіць жылыя дамы па гэтай вуліцы.
1974 год – здадзены ў эксплуатацыю новы раённы Дом культуры.
У верасні 1977 года міжкалгасная будаўнічая арганізацыя была перайменавана ў міжкалгасную перасоўную аўтаматызаваную калону №70. Змена назвы абумовіла пашырэнне яе дзейнасці. Была асвоена вытворчасць некаторых відаў жалезабетоннных вырабаў як для ўласнага спажывання, так і на продаж насельніцтву. Асноўны напрамак работы – будаўніцтва аб’ектаў на сяле. Уключала ў сябе сталярны і лесапільны цэх, мехмайстэрню, цэх жалезабетонных вырабаў, растворабетонны вузел, кузню.
1976 год – уступіў у строй Зэльвенскі асфальтавы завод.
У снежні 1976 года адбылося пераключэнне дзейнічаючых абанентаў тэлефоннай сеткі на новую АТС.
1977 – у Зэльве стала дзейнічаць літаратурнае аб’яднанне “Зоры над Зяльвянкай”, кіраваў якім па 2006 год Пётр Мікалаевіч Марціноўскі
Адным з самых буйных прадпрыемстваў раёна стала лічыцца райаб’яднанне “Сельгастэхніка”, у якім у 1977 годзе працавала 533 чалавекі. У яго склад уваходзілі рамонтныя майстэрні, лінейна- мантажны ўчастак, аўтабаза, гандлёвая база, склад мінеральных угнаенняў.
1 кастрычніка 1979 года на базе Зэльвенскага ўчастка Гродзенскага вытворчага аб’яднанння “Вяселка” была створана трыкатажная фабрыка. У склад фабрыкі ўвайшлі Ваўкавыскі, Зэльвенскі, Слонімскі трыкатажныя цэхі, ткацка-механічны, ткацка-ручны і прачосныя цэхі, дзе працавала амаль 400 чалавек.
У снежні 1981 года ў г.п.Зэльва адкрыты другі дзіцячы сад.
У студзені 1986 года пачало дзейнічаць раённае аддзяленне абласнога бюро па працаўладкаванню.
У 1983 годзе з мэтай акумуляцыя вады з вясенніх павадкаў, на арашэнне зямель, для культурна-бытавых і процівапажарных патрэб, рыбаразвядзення ўведзена ў эксплуатацыю Зэльвенскае вадасховішча плошчай 1190 га.
У 1984 годзе ў пасёлку пастроена гасцініца.
У 1985 годзе да 40-годдзя Вялікай Перамогі быў рэканструяваны помнік загінуўшым воінам Чырвонай Арміі і партызанам.
У 1985 годзе ў пасёлку адкрыта дзіцячае кафэ “Алёнушка”.
У кастрычніку 1986 года МПМК-70 перайменавана ў МПМК-148.
У 1988 годзе быў здадзены ў эксплуатацыю першы сучасны будынак раённай бальніцы на 260 ложкаў з аперацыйным блокам.
1991год – пачала дзейнічаць новая школа ў мікрараёне “Паўночны”.
1991 год – за пастаноўку спектакля М.Чарота “Мікітаў лапаць” драмкалектыў раённага Дома культуры ўдастоены дыплома лаўрэата трэцяга Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці.
1993 год – драмкалектыву раённага Дома культуры прысвоена званне народнага.
1993год – упершыню ў гісторыі спартыўнага жыцця раёна праводзіліся гульні чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па гандболу сярод жаночых каманд вышэйшай лігі. У госці прыехалі 4 каманды, складаючыя групу “А” чэмпіянату: “Палітэхнік” (Мінск), “Універсітэт” (Гродна), “Друць” (Бялынічы), “Строитель” (Бабруйск).
1995 год – БПМ “Зэльваэнергабуд” здадзены 44-х кватэрны жылы дом і 2 маласямейныя інтэрнаты на 48 сем’яў у мікрараёне “Паўночны”.
1996 год - ансамблю песні і музыкі “Весялуха” раённага Дома культуры прысвоена званне “народны”.
1997 год – у г.п.Зэльва створаны гандбольны клуб – каманда прымае ўдзел ў рэгіянальным чэмпіянаце і гульнях на кубак Федэрацыі гандбола.
1998 год – пабудаваны новы тэрапеўтычны корпус з аперацыйным блокам у цэнтральнай раённай бальніцы.
2001 год - у Зэльве праведзены ўпершыню Вялікі Ганненскі кірмаш.
2002 год - створаны раённы фізкультурна-аздараўленчы клуб у г.п.Зэльва, для якога выдзелена памяшканне і абсталяванне.
2003 год на базе Зэльвенскай ДЮСШ створаны клуб каратэ-до “Фудасін – Зэльва”, выхаванцы якога да сёняшняга дня паспяхова выступаюць на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.
2003 год – выйшла ў свет выданне “Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Зэльвенскага раёна”, уклад для выхаду ў свет якога ўнеслі не толькі навукоўцы і супрацоўнікі архіваў, але і прадстаўнікі грамадскасці пасёлка Зэльва і Зэльвенскага раёна.
2003 год – за дасягнутыя поспехі ў развіцці самадзейнай мастацкай творчасці прысвоена найменне “Народны самадзейны калектыў” хору ветэранаў вайны і працы “Успамін”.
2005 год – газета “Праца ” адзначыла 65-годдзе з моманту выхада першага нумара ў свет.
2005 год – добраўпарадкаваны парк ў г.п.Зэльва. У зоне адпачынку з’явіліся тры вадаёмы, звязаных паміж сабой каналамі, узведзена мноства гідратэхнічных збудаванняў, пасаджаны газоны і дэкаратыўныя дрэвы.
2005 год - настаўнік гімназіі №1 Наталля Гарчычка стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Педагог-выхаватель года”.
14 чэрвеня 2007 года ўказам Прэзідэнта РБ №279 былі заснаваны афіцыйныя геральдычныя сімвалы адміністрацыйна-тэратэрыяльных адзінак Гродзенскай вобласці. Сярод іх – герб і сцяг г.п.Зэльва.
У гэтым жа годзе калектыў раённай газеты “Праца” стаў пераможцам нацыянальнага конкурса друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая ліцера”, таксама ў г.п.Зэльва адкрыта трыкатажнае прадпрыемства “Ромгіль плюс”, філіял прыватнага унітарнага прадпрыемства “Ромгіль ”.
2008 год – Зэльва адзначыла 750-годдзе, у ходзе правядзення якога у цэнтральным скверы пасёлка адкрыты помнік са скульптурай каня.
У гэтым жа годзе тэатру-студыі гульні “Пагуляначкі” раённага Дома культуры прысвоена званне “ўзорны”.
2010 год - адбыўся першы конкурс аўтарскай песні “Новае пакаленне”.
Па выніках работы за 2010 год аддзел культуры Зэльвенскага райвыканкама заняў 3-е месца ў абласным конкурсе “Установа культуры года”
2011год – Зэльвенская сярэдняя школа №3 адзначыла 20-годдзе.
2013 год – Зэльвенскі касцёл Святой Тройцы адзначыў стагоддзе існавання.
2013 год – Зэльвенскі раён наведаў Упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцей Ленід Гуляка, рабочы візіт якога завяршыўся сустрэчай ў райвыканкаме са святарамі каталіцкіх і праваслаўных прыходаў і актывістамі пасялковага савета ГА “Саюз палякаў на Беларусі”, на якой былі адзначаны станоўчыя узаемаадносіны органоў улады і прадстаўнікоў канфесіянальных і нацыянальных структур.
2013 год – у памяшканні былога кінатэатра адкрыты культурна –забаўляльны цэнтр “Феерыя”, які стаў месцам папулярнага адпачынку дзяцей і моладзі.
Па выніках 2015 года раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі стаў лепшым у вобласці.
2015 год – калектыў тэатра-студыі гульні “Пагуляначкі ”Зэльвенскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці атрымаў званне “народны”.
2015 год – у г.п. Зэльва адкрыты новы гандлёвы аб’ект – магазін “Еўраопт” сеткі ААТ “Еўраторг” агульнай плошчай больш 2200 кв.м.
2015 год – 6 відаў прадукцыі хлебабулачнага і кандытарскага цахоў Зэльвенскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства атрымалі медалі рэспубліканскага агляду якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Ласунак -2015”.
2015 год – праваўслаўныя вернікі адзначылі 105-ты юбілей Царквы Жываначальнай Троіцы ў г.п.Зэльва.
2016 год – у Зэльве падпісана Ўзгадненне аб двухбаковым супрацоўніцтве паміж Зэльвенскім раёнам і гмінай Крамск Вялікапольскага ваяводства Рэспублікі Польшча.
2016 год – дэлегацыя у складзе прадстаўнікоў працоўных калектываў г.п.Зэльва і Зэльвенскага раёна прынялі удзел у V Усебеларускім народным сходзе.
2016 год – прэміі “Чалавек года Гродзеншчыны” удастоена дырэктар Зэльвенскай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Генюш.
2016 год – у кнігу Славы Гродзеншчыны занесена імя былога трэнера ДЮСШ, заслужанага трэнера БССР па гандболу Л.Гана
2016 год – падпісана Пагадненне паміж Цэнтрам беларускай культуры г. Давгалпілс (Латвія) і аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Зэльвенскага райвыканкама.
2016 год – Еўрапейскі прабег “Бег Міру і Дружбы” прашоў праз Зэльвеншчыну.
2016 год – Зэльву і Зэльвенскі раён наведала дэлегацыя з Польшчы – кіраўніцтва гмін Кнышын і Дабжынева Дужэ на чале з бургамістрам Кнышына Яраславам Антоні Хмялеўскім. Асноўная мэта візіту – знаёмства з патэнцыялам Зэльвенскага раёна і абмеркаванне магчымых сумесных праектаў для транспамежнага супрацоўніцтва.
2017 год – калектыву эстраднай студыі “Рэтра” пры раённым Доме культуры прысвоена званне “народны”.
2017 год – у абласным конкурсе па выніках работы за 2017 год аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Зэльвенскага райвыканкама заняў другое месца і адзначаны Ганаровай граматай аблвыканкама.
Па выніках работы за 2017 год аддзел адукацыі, спорту і турызму Зэльвенскага райвыканкама займае другое месца ў вобласці і адзначаны Ганаровай граматай аблвыканкама.
У кастрычніку 2018 года ў Зэльве дадзены афіцыйны старт рабоце другога ў Беларусі ветрапарку.
2018 год – Зэльвеншчыну наведалі прадстаўнікі гміны Крамск, Вялікапольскага ваяводства і Конінскага павета з мэтай развіцця эканамічных і інвестыцыйных адносін
2018 год - Зэльва адзначала 760–годдзе. У святочных мерапрыемствах прынялі ўдзел прадстаўнікі польскіх гмін Кнышын, Крамск і Янаў, латвійскага горада Яунелгава, з якімі у свой час былі падпісаны пагадненні б супрацоўніцтве.
У 2018 годзе ў гарадскім пасёлку пасля рэканструкцыі ўступіла ў дзеянне аўтазаправачная станцыя – 31.
2018 год – у абласным конкурсе па выніках работы за 2018 год аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Зэльвенскага райвыканкама заняў другое месца і адзначаны Ганаровай граматай аблвыканкама.
У 2018 годзе ў пасёлку дзейнічалі УП бытавога абслугоўвання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства, будаўнічая арганізацыя – Зэльвенская міжгаспадарчая, перасоўная механізаваная калона №148, ААТ «Зэльвенская сельгасхімія», раённая ветэрынарная станцыя, працавалі гімназія, 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, санаторная школа-інтэрнат, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання i рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны, турызму i краязнаўства, творчасці дзяцей i моладзі, два дзіцячыя яслі-сады. У гарадскім. пасёлку размешчаны цэнтральная. раённая бальніца, раённая паліклініка, раённы цэнтр гігіёны i эпідэміялогіі, цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённы Цэнтр культуры i народнай творчасці, культурна-забаўляльны цэнтр «Феерыя», дзіцячая і раённая бібліятэкі, аддзяленне паштовай сувязі, стадыён, рэстаран «Зальвянка», магазіны.
Сама Зэльва развіваецца паводле генплана 1993 г. (карэкціроўка 2012г.). У цэнтры — плошча са скверам. Тут размешчаны адміністрацыйныя і культурна-асветныя ўстановы, магазіны. Да плошчы прылягаюць вулщы Савецкая, Перамогі, 17 Верасня, Жэбрака. якія з’яўляюцца асновай планіровачнай структуры. Вуліца Перамогі злучае цэнтр з паркавай зонай каля р. Зальвянка. Жылая зона падзелена на цэнтральны раён з індывідуальнай забудовай і мікрараён Паўночны, забудавана цаглянымі 2-5-павярховымі дамамі. Планіроўка радыяльна-прамяністая.
Сённяшнія працаўнікі і жыхары пасёлка ў сваёй дзейнасці кіруюцца жыццёвым правілам – з кожным днём дабівацца большага, працаваць лепш, не адступаць перад цяжкасцямі, верыць у тое, што поспех і дабрабыт прыходзіць толькі пасля самаадданай працы. Эканамічныя і сацыяльныя здабыткі, прыдбаныя працавітымі і таленавітымі людзьмі Зэльвы з’яўляюцца добрай базай для будучага развіцця.
У 2019 годзе здадзены ў эксплуатацыю яшчэ адзін жылы дом на 56 кватэр у мікрараёне Паўночны, першы ў пасёлку з ліфтам.