Вось што піша пра гэта «Еўрабюлетэнь» (№ 5/2010): «Раней, калі праводзіўся Ганненскі кірмаш, людзі казалі: зэльвенцы адзінаццаць месяцаў на год сумуюць, а месяц жывуць. Кірмаш доўжыўся з 25 ліпеня да 25 жніўня. У XVIII стагоддзі ён быў другім па памеры кірмашом Старога Свету пасля Лейпцыгскага. На Ганненскі кірмаш, названы ў гонар святой Ганны, прыязджала да пяці тысяч купцоў, а гандлёвы абарот складаў да мільёна рублёў»… Як бачым, Зэльва ўяўляла ў той час амаль што Лейпцыг у гандлёвых маштабах. Сюды з’язджаліся купцы з Расіі, Украіны, Польшчы, Францыі, Саксоніі, Баварыі, Нідэрландаў, Аўстрыі, Прусіі, Італіі, Даніі, Швецыі і іншых краін Еўропы. Тавары, прывезеныя на зэльвенскі кірмаш, былі самыя разнастайныя. У расійскіх купцоў тут можна было набыць скураныя, жалезныя, медныя, бронзавыя вырабы, фаянсавы і фарфоравы посуд, футра, цукар, чай, цыгарэты, мыла, баваўняныя тканіны. Гандляры з Еўропы прапаноўвалі шаўковае, ільняное палатно, баваўняныя вырабы, швейцарскі сыр, турэцкі тытунь, напоі і бакалейныя тавары. Як сведчыць кніга «Памяць.

    Зэльвенскі раён»: «Гандлявалі на Ганненскім кірмашы буйной рагатай жывёлай і коньмі. Іх прыганялі памешчыкі і гандляры Лідскага, Кобрынскага і Брэсцкага паветаў Гродзенскай губерні, часткова Валынскай і Люблінскай (Каралеўства Польскае) губерняў. Збывалі тут коней і Сапегі, якія мелі свой конны завод, дзе было каля паўтары тысячы галоў англійскай, дацкай і турэцкай парод. Асноўным прадметам гандлю (54 %) было сукно, якое пастаўлялі са слонімскай, косаўскай, ружанскай, заблудаўскай і кнышынскай фабрык. Віленскія, гродзенскія і мінскія купцы забяспечвалі кірмаш цукрам, чаем, цыгарэтамі, тытунем, мылам, слонімскія і віленскія – галантарэяй». Каб павесяліць народ, падчас кірмашу выступалі акрабаты, жанглёры, фокуснікі, цыгане з дрэсіраванымі мядзведзямі і тэатральныя калектывы. Аматары азартных гульняў мелі магчымасць зацугляць сваю ўдачу ў рулетцы, якую прывезлі ў Зэльву з Парыжа і празвалі «фартунай». Кажуць, што Сапегі вельмі цанілі Зэльву і ў сваіх уладаннях называлі яе «Зэльвенскім графствам». У XVIII стагоддзі яны адкрылі тэатр, у якім ігралі прыгонныя беларускія, вольныя французскія і польскія акцёры.