Государственное учреждение культуры

"Зельвенская районная библиотека"

231940, Гродненская область, г.п. Зельва, ул. Советская, д. 34
 

Ад узгоркаў і нізін
Да пяску і гліны
Зноў ляціць наступны клін –
Зэльва… Сакавіны…
Пацяплела навакол –
І цвітуць лагчыны.
Усміхаюцца з вакон
Зэльва… Сакавіны…
Слова рвецца на прастор
І нясе навіны.
Беларускі наш узор –
Зэльва…Сакавіны…   

                                    Ірына Данік

Свята паэзіі і музыкі “Зэльвенскія Сакавіны” больш 20 год праводзіцца ў Зэльве па ініцыятыве нашага земляка, паэта-песенніка Уладзіміра Мінавіча Мазго. “Сакавіны” - свята асаблівае, гэта свята душы, “дзе радасць вершамі разліта на роднай мове сакавітай”.
Сваю назву свята атрымала ў гонар месяца нараджэння Уладзіміра Мінавіча – свае народзіны паэт адзначае 5 сакавіка. Гэта яму, ураджэнцу Зэльвы, прыйшла думка пра тое, што будзе вельмі добра, калі па вясне змогуць сабрацца разам тыя, хто шануе родную мову, любіць літаратуру, паважліва ставіцца да нацыянальнай культуры.
Свята паэзіі і музыкі “Зэльвенскія Сакавіны” нарадзілася ў далёкім 1997 годзе, калі сярэдняя школа №2 нашага пасёлка запрасіла на свята Тыдня дзіцячай кнігі свайго былога вучня Уладзіміра Мазго, на той час рэдактара выдавецтва “Юнацтва” і ўжо вядомага ў Беларусі паэта-песенніка. З той пары сувязь школы з паэтам не перарываецца. Менавіта з лёгкай рукі былога бібліятэкара школы Яніны Людвікаўны Шматко свята паэзіі і музыкі на зэльвенскай зямлі за 20 год набыло шырокі размах, выйшла са сцен школы на раённую сцэну і стала другім брэндам Зэльвы пасля Ганненскага кірмашу.
За 20 год многа цудоўных творцаў наведалі “Зэльвенскія Сакавіны”. Аналага святу ў Беларусі не існуе. Прынамсі, пра гэта гавораць і многія сталічныя госці “Зэльвенскіх Сакавін”.
 

З Зэльвеншчынай звязаны лёс многіх вядомых людзей. Але сярод іх толькі 4 асобы, каму было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна”, у іх ліку Уладзімір Мінавіч Мазго. Менавіта, дзякуючы яго актыўнай літаратурнай дзейнасці, пра Зэльву даведаліся ў многіх гарадах і нават у сталіцы. Як кажа

сам Уладзімір Мінавіч, што яго творы аб малой радзіме друкаваліся не толькі ў мінскіх выданнях, але і ў маскоўскіх, санкт-пецярбургскіх, калінінградскіх.
Паэт-песеннік, перакладчык, эсэіст, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Нёман” Уладзімір Мазго даўно і рупліва працуе на літаратурнай ніве. Уладзімір Мінавіч сябруе з вядомымі кампазітарамі, яго песні спяваюць знакамітыя артысты беларускай эстрады.
У скарбонцы Уладзіміра Мазго - 18 асабістых кніг! Сустрэчы паэта на радзіме – гэта своесаблівая справаздача пра свой творчы і жыццёвы лёс. Калі Уладзімір Мінавіч упершыню прыехаў на сустрэчу з землякамі, было выдадзена толькі пяць яго кніг.
Ужо праз колькі год на чарговую сустрэчу наш зямляк ехаў на сваю радзіму з цудоўным зборнікам для дзяцей “Смехапад”, за якую быў вылучаны на атрыманне прэміі імя Янкі Купалы!
Шырокую папулярнасць набыла дзіцячая кніга – “Прыгоды Марахода”, што ў 2005 годзе прынесла Уладзіміру Мінавічу званне лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў.
Доўгачаканая кніга для дарослых “Анёл нябесны” стала першым лаўрэатам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2007 года” у галіне песеннага жанру.
У 2008 годзе Уладзімір Мінавіч атрымаў прэмію імя Васіля Віткі і званне “Выдатнік друку Беларусі”, выдаў кнігі “Таямнічая планета” і “Цуда-вуда” - узнагароджана “Залатым купідонам”.
У 2012 годзе выходзяць дзве кнігі паэта для дзяцей – “Загадкавая азбука”, “Лепшыя сябры” і для дарослых –“Сакавіны”.
У 2013 годзе выходзяць тры кнігі Уладзіміра Мінавіча: “У нябёсах вясны”, “Адвечныя скарбы радзімы” і “Адкрывай свой родны край”.
У 2014 годзе - новыя кнігі паэта для дзяцей “Завітала ў госці казка” і “Слоны с луны”.
Па праву Уладзімір Мазго атрымаў ўзнагароду - нагрудны знак “За вялікі ўклад у літаратуру”.
Уладзімр Мазго з’яўляецца перакладчыкам казак Ганса Хрысціяна Андэрсана і казак народаў Аўстраліі.
Творца рупліва працуе і як старшыня секцыі дзіцячай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У 2016 годзе напярэдадні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання Уладзімір Мінавіч узнагароджаны дзяржаўнай ўзнагародай - медалём Францыска Скарыны.