Государственное учреждение культуры

"Зельвенская районная библиотека"

231940, Гродненская область, г.п. Зельва, ул. Советская, д. 34
 

Вуліца Салаўёва

Невялікая вуліца Салаўёва размешчана перпендыкулярна вуліцы Булака, упіраецца ў раку Зальвянку. Вельмі сімвалічна, што імем Салаўёва названа вуліца каля самай рэчкі, там, дзе ён ваяваў са сваім батальёнам. 

В.Ф.Салаўёў камандаваў 1-м батальёнам 556-га стралковага палка, які вызваляў Зэльву. Пры штурме Зэльвы ён ішоў правей шашы Слонім-Зэльва-Ваўкавыск. Яму трэба было пераадолець забалочаную пойму ракі Зальвянкі, фарсіраваць яе і ўварвацца ў пасёлак з усходу. Перад пачаткам бою за Зэльву камбат Салаўёў сабраў камандзіраў рот батальёна і паказаў ім поле будучага бою, вызначыў парадак наступлення, указаў мінныя праходы, месца фарсіравання ракі, назначыў галоўны атрад атакуючых. Камандзіру мінамётнай роты Г.У.Сусліну прыказаў пераправіцца на левы бераг р. Зальвянка разам з пяхотай і падтрымаць агнём штурмуючых, устанавіць месца агнявых кропак праціўніка ў пасёлку і ліквідаваць іх, адкрыўшы дарогу ў пасёлак. Пасля вызвалення Зэльвы Салаўёў пайшоў далей з баявымі сябрамі. Загінуў у баях пад Беластокам.

   У 2020 г. на Дзень Перамогі на вуліцы Салаўёва раённага цэнтра адбылося адкрыццё памятнага інфармацыйнага знака аб баявых дзеяннях падчас пераправы цераз раку Зяльвянку ў 1941 годзе.

   Менавіта тут, на берагах ракі Зяльвянкі, каля чыгуначнага маста да 25 чэрвеня 1941 г. назбіралася велізарная колькасць аўтатранспарту і чырвонаармейцаў усіх родаў войскаў у разліку на пераправу.

   Самым першым паспрабаваў надаць пераправе арганізаваны від маёр дзяржбяспекі Сяргей Бельчанка. Войскі прыбывалі, назапашваліся, прарываліся. Немцы паставілі магутны заслон. Грымнуў бой.

   Праз суткі на другі прарыў зводны батальён павёў начальнік разведкі 10-й арміі палкоўнік Аляксандр Смалякоў, разам з ім прарываліся і рэшткі штаба арміі разам з легендарным генерал-лейтэнантам Дзмітрыем Карбышавым.

   І, нарэшце, у самы галоўны бой - 27 чэрвеня - павёў свае войскі палкоўнік А.Г.Молеў. Гэта была буйная агульнавайсковая аперацыя, у якой акрамя пяхоты, падтрыманай артылерыяй, удзельнічалі танкі, кавалерыйскі полк і браняпоезд, які прыйшоў у Зэльву з Беластока.

   Коштам вялізных страт байцы ўсё ж здолелі вырвацца са сцягнутай гарлавіны «беластоцкага мяшка». Разграмілі 107-ы нямецкі пяхотны полк і выйшлі да сваіх.