Вуліца Шапавалава

gallery/шаповалов
gallery/черняховского на общ

Размешчана перпендыкулярна вуліцы Булака.

На вуліцы Шапавалава жылі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны: Бялішка Мікалай Іванавіч, Варанчыхін Іван Міхайлавіч, Гарбаценка Мікалай Іванавіч, Фалейчык Васіль Кірылавіч, Крыўцоў Сяргей Аляксандравіч.

Васіль Уласавіч Шапавалаў

Імя героя вызвалення Зэльвеншчыны В.У. Шапавалава вуліца набыла ў пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя.

Лёс маёра Васіля Уласавіча Шапавалава цесна звязаны з Зэльвеншчынай. У час летніх баёў 1944 года за вызваленне Беларусі маёр Шапавалаў камандаваў 3-м артдывізіёнам 17 артпалка 137-й стралковай дывізіі. Маёр Шапавалаў непасрэдна Зэльву не вызваляў, але вызваляў значную частку тэрыторыі Зэльвеншчыны ў складзе Рагачоўскай Чырвонасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава стралковай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Ф.А.Вяроўкіна.
Яго артдывізіён гнаў ворага з вёсак Галынка, Пруд, Луконіца, Кабакі, Росцевічы, Навасёлкі, Лаўрыновічы. На досвітку 11 ліпеня воіны стралковага дывізіёна падышлі да р.Зальвянка ў раёне вёсак Росцевічы, Навасёлкі, Лаўрыновічы. 12 ліпеня 1944 года, у час прарыву ўмацаванай нямецкай абароны ў в. Каралін маёр-артылерыст 17-га палка 137-й стралковай дывізіі ўзяў на сябе карэкціроўку агню батарэі дзе і быў забіты. У паведамленні яб яго гібелі было напісана: “Ваш муж, камандзір в/ч 01069 маёр Шапавалаў В.У. у баі за сацыялістычную Радзіму, верны воінскай прысязе, праявіўшы геройства і мужнасць, быў забіты 12 ліпеня 1944 г. Пахаваны ў парку каля будынку райкама партыі мястэчка Зэльва Баранавіцкай вобласці”. Да 30-годдзя Вялікай Перамогі прах героя – маладога кіраваградскага хлопца – быў перанесены ў брацкую магілу на самы высокі ўзгорак у Зэльве.
За праяўлены гераізм маёр Шапавалаў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

(Паводле крыніц раённай газеты “Праца”) https://zelwa.by/minulae-i-suchasnae-vulicy-shapavalava/

Вуліцаўтваральным прадпрыемствам стаў для новай вуліцы Зэльвенскі маслазавод. Ён пачаў дзейнічаць яшчэ да вайны і, рэканструяваны, запрацаваў неўзабаве пасля вызвалення. Невялікі завод славіўся сваімі вырабамі далёка за межамі вобласці і Беларусі: за вопытам да малаказаводаўцаў прыязджалі прафесіяналы з краін Усходняй Еўропы. Сёння ўжо цяжка прыгадаць імёны першых кіраўнікоў, спецыялістаў ды рабочых 50-х гадоў (па некаторых меркаваннях першымі дырэктарамі былі Маскалёў і Аўдзееў). Малако, масла, кефір, марожанае мелі такі смак, што старэйшыя зэльвенцы з настальгіяй згадваюць яго і сёння. Казеін і брынзу вазілі ў Варшаву, Мінск, іншыя гарады рэспублікі і Еўропы. Замежныя госці дзівіліся, як можна на такім маленькім заводзе атрымліваць такую якасную прадукцыю. Перамены ў жыцці завода пачаліся ў 70-ыя гады, калі ў Ваўкавыску пачаў дзейнічаць завод (потым – камбінат) па вытворчасці сухіх дзіцячых малочных прадуктаў. Гігант увабраў у сябе Ваўкавыскі, Свіслацкі і Зэльвенскі маслазаводы. Колькасць рабочых на былым заводзе, вядома, скарачалася. І ўсё ж некалькі дзясяткаў чалавек работу не страцілі. Да 1985 года загадвала прыёмным пунктам Н.М.Жамойціна, а з 1985-га і да моманту закрыцця ў 2010 годзе – А.А.Прэдка. Аляксей Аляксандравіч расказвае: “Мы мелі 11 малакавозаў, якія дастаўлялі з фермаў малако. Тут мы яго ахалоджвалі, дзялілі на сарты, сепарыравалі і адпраўлялі ў Ваўкавыск. Працавалі зладжана, нараканняў з боку дырэкцыі камбіната не мелі. Так што ў поспехах камбіната, які ў 90-ыя гады стаў ААТ “Беллакт”, ёсць і наша заслуга”.

Лазня – вартая ўвагі забудова. Раней невялікая лазенка мясцілася ў глыбіні сучаснай вуліцы Булака (тады – Фабрычнай). З нецярпеннем чакалі новую, што пачала расці на скрыжаванні вуліц Шапавалава і Матросава ў канцы 50-х гадоў. Першых наведвальнікаў прасторная лазня прыняла ў 1960 годзе. Тут працавалі цырульня і буфет. Пастрыгся, папарыўся, выпіў куфель піва, пажартаваў з сябрамі – чым не раскоша ў канцы працоўнага дня?! Час унёс свае карэктывы ў работу лазні. Раней яна працавала тры дні на тыдзень, зараз – толькі ў суботу. Наведвальнікаў стала менш, ды і канкурэнты з’явіліся. Кожная лазня стараецца нечым вылучыцца. Так што і зэльвенскай трэба нешта прадпрыняць, каб сваё 60-годдзе сустрэць дастойна.

Да моманту пабудовы на вуліцы Шапавалава пяціпавярховага дома тут у асноўным стаялі невялікія прыватныя хаціны. І самым-самым першым жыхаром вуліцы стаў герой фінскай і Айчыннай войн І.М.Варанчыхін. Іван Міхайлавіч удзельнічаў у вызваленні Украіны, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, у баях за Берлін. Атрымаў 10 урадавых узнагарод, у тым ліку самую дарагую – медаль “За адвагу”. Як заслужанаму чалавеку яму далі заём на 30 тысяч тагачасных рублёў, і сям’я ветэрана пачала адлік навасёлаў. Дачка Івана Міхайлавіча – акадэмік Расійскай Акадэміі Навук, доктар хімічных навук, прафесар Людміла Іванаўна Варанчыхіна – добра памятае, як па сцяжынцы ад толькі што пабудаванай сярэдняй школы бегала дадому, а навокал – яўрэйскія могілкі з паўразбуранай сінагогай і пустыры, пустыры… Ні Заслонава, ні паралельнай з Шапавалава вуліцы 60 год Кастрычніка не было і ў паміне. Крыху пазней да дома №1 далучыліся хаты Лойкаў, Вераб’ёў, Машканавых, Малышкаў, Чыргуноў, Шалястовічаў, Панасікаў. А таксама ветэранаў вайны. С.А. Крыўцоў пачынаў ратную дзейнасць на Халхін-Голе. Потым былі баі пад Масквой, на Калінінскім і Заходнім франтах, у Заходняй Украіне і на тэрыторыі Германіі. М.І. Бялішка першы бой з фашыстамі прыняў на Бераставіцкай граніцы. В.К.Фалейчык спачатку быў сувязным партызанскага атрада, а пасля вызвалення Беларусі – разведчыкам у Чырвонай Арміі. У сям’і Гарбаценкавых жудасы вайны зведалі і муж, і жонка. Мікалай Іванавіч як механік-вадзіцель бронемашыны прайшоў з баямі па дарогах Малдовы, Венгрыі, Румыніі, Аўстрыі. Марыя Іванаўна з 1943 па 1945 гг. была вязнем ў лагеры асобага рэжыму ў Германіі. А.Д. Калеснікава ў асноўным памятаюць як цудоўнага чалавека і настаўніка. А ён быў і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, меў узнагароды, у т.л. і медаль “За ўзяцце Берліна”. На вуліцы Шапавалава працаваў (на маслазаводзе) разведчык Аляксандр Міхайлавіч Камароў, удастоены ордэна Чырвонай Зоркі за баявыя аперацыі, у якіх прымаў удзел.

Вуліца з 70-гадовай гісторыяй памятае не толькі герояў вайны. Тут, змяняючы адзін аднаго, у самых звычайных дамах жылі кіраўнікі раёна: сем’і Шыхаўца, Падворнага, Кантаровіча, Гоцкі, Дзянішчыка, Будрэвіча. А якія настаўнікі жылі або жывуць! Узяць дынастыю Калеснікавых: і Аляксандр Дзмітрыевіч, і Ніна Васільеўна, і іх дачка Лідзія Аляксандраўна – непераўзыдзеныя спецыялісты ў выкладанні геаграфіі і гісторыі! Лідзія Лявонцьеўна Дзянішчык і Ганна Феліксаўна Жамойдзік натхнілі на настаўніцкі шлях сваіх дачушак Ганну і Юлію. З любоўю ўспамінаюць вучні нарадзіўшыхся тут Г.А. Чыргун-Шаўлоўскую, Т.А. Шалястовіч-Панасік. Выхаванцы садка №1 моцна палюбілі Г.М. Паляніну, вучні санаторнай школы – адзіную ў раёне выдатніцу асветы СССР М.А. Чэчат, а выпускнікі ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь – старшага выкладчыка В.В. Грэцкага. А колькім зэльвенцам стаць настаўнікамі хіміі дапамагла Л.І. Варанчыхіна, яна ўжо і сама, напэўна, не падлічыць!

Слаўная вуліца і людзьмі іншых патрэбных прафесій; урачом-гінеколагам са шматгадовым стажам Н.Ф.Куліковай, медыкамі М.А. Чыргун-Герасімчык, Т.А. Голуб-Несцярук, аптэкарам М.М. Бялішка-Лойка, кіраўніком зэльвенскіх прадпрымальнікаў А.С. Верстаком. Між іншым, у адзіным на Шапавалава пяціпавярховым доме вырас знакаміты ў рэспубліцы нейрахірург А.В. Шчамялёў! Адным словам, вуліца Шапавалава вельмі багата на герояў ратнай і мірнай працы.

gallery/1-3