Государственное учреждение культуры

"Зельвенская районная библиотека"

231940, Гродненская область, г.п. Зельва, ул. Советская, д. 34
 

Госць "Сакавін"

Талент паэзіі і дабрыні (2002)


Нядаўна на сустрэчы з вучнямі нашай школы Юрка Голуб жартаваў, што лічыць сябе “прыдворным паэтам” Зэльвеншчыны. З не меншым правам гэтак жа можа сказаць пра сябе і яго малодшы калега Уладзімір Мазго. Магчыма, Юрый Уладзіміравіч перадаў у спадчыну сваю любоў да малой радзімы земляку-паэту, каб было каму несці гэтае нябачнае, але такое велічнае пачуццё і надалей, перадаючы па ланцужку ўсё новым і новым талентам.
Не так даўно ў “Працы” было інтэрв’ю з Уладзімірам Мазго, які спадзяваўся вынесці на суд землякоў новы паэтычны зборнік. І вось з новай кнігай паэзіі для дзяцей “Прыгоды марахода” паэт прыехаў у Зэльву. З нецярпеннем чакалі яго ў школе №2 дзеці і настаўнікі. Вельмі тактоўны, шчыры, сціплы ён літаральна свеціцца дабрынёй. Нялёгкае дзяцінства не пакінула на сэрцы рубцоў зайздрасці да больш шчаслівых. Ён і другую маці ніколі не пакрыўдзіў ні ў дзяцінстве, ні будучы дарослым. Той, якая і яго лічыць родным сынам, прысвяціў калісь паэт лаканічныя, па-мужчынску строгія радкі:
Хіба мачаха-
Не матуля другая?
Яе ўсмешкаю матчынай
Небасхіл дагарае
………………….
За растайнымі вязамі
Чырвань выстылых шчок…
Для людзей –
Мамін пасынак
А для Маці –
Сынок…
Колькі ў гэтых радках сардэчнай удзячнасці жанчыне, што не збаялася замяніць хлопчыку родную матулю! І нават зрыфмаваць, а, значыць, і аб’яднаць здолеў паэт такое, здавалася б, несуцяшальнае “мачаха” – матчынай”. Толькі сапраўдная любоў змагла азарыць сэрца на такі незвычайны парыў.
Вершы Уладзіміра Мазго пра родных людзей вельмі моцна кранаюць душу. Калі шукалі верш Уладзіміра Мазго, які змог бы пакласці на музыку наш мясцовы кампазітар А. Сямёнчык, вельмі хацелася, каб гэта быў верш “Вяртанне”, прысвечаны памяці бацькоў. Аляксандр Баляслававіч стварыў цудоўную песню, якую выканала на першай сустрэчы Уладзіміра Мазго з вучнямі школы Станіслава Прызван. Так адзін талент аб’ядноўвае вакол сябе іншыя. Так нараджаецца калі не шэдэўр, то сапраўдная таленавітая песня.
Пакуль не было сваёй сям’і, Уладзімір Мазго пісаў для дарослых. А са з’яўленнем на свет сына ўсё зацікаўленей стаў заглядаць у дзіцячыя вочы, бачыў у іх загадкавы і чароўны навакольны свет. Так з’явіліся на свет дзіцячыя кнігі “Калі страчаюцца маланкі”, “Суседзі па сусвеце”, “Смехапад”.
Невыключэнне і апошняя – “Прыгоды марахода”. Кніга складаецца з казак, вершаў, загадак, песень, скарагаворак, пацешак. З першых жа старонак бярэ кніга ў палон загадкавай азбукай. Не заглядвайце ў канец мініяцюры, а лепш адгадайце:
Уздыхнуў
І закрычаў
І удалеч
Паімчаў
І з вачэй
У цемры знік
Назаўжды цяпер. (Цягнік)
Добра трэба пастарацца, каб разгадаць нізку шарад. Зацікавяць і дапамогуць бліжэй пазнаць родную мову загадкі пра амонімы.
У раздзеле “Ягады з грыбамі просяцца ў рот самі” Уладзімір, як добры знаўца лесу, запрашае сваіх маленькіх сяброў з кашамі і збаночкамі ў грыбы ды ягады. Як бацька дзецям, падкажа, дзе хавюцца баравікі ці махавікі, дзе лепш растуць маслякі і казлякі.
Мастак Уладзімір Пашчасцеў у дадатак намаляваў ягады і грыбочкі так цудоўна, што хоць са старонак кнігі іх збірай.
У вершы “Рака маленства” (раздзел “Крочым родным краем – фарбы ўсе збіраем”) сустракаемся з пакуль неназванай Зальвянкай (“Вось тут часінаю далёкай лавіў удачу рыбаком”); у “Чараўніцах краю” рэчка ўжо разам з іншымі атрымлівае назву (“прыемна на світанку спяшацца на Зальвянку”); а потым, калі ласка, верш цалкам прысвячаецца рачулцы дзяцінства “Зальвянка” (“Ты куды, рака Зальвянка, так спяшаеш сінім ранкам?”). Побач верш-песня “Вочы дзяцей”, дзе паэт заклікае і ўсіх нас часцей заглядваць у дзіцячыя вочы – крыніцу надзей, каб жыць сумленна:
Заглядваю часта ім у вочы –
І на сэрцы робіцца лягчэй.
І халодны сум асенняй ночы
Растае ад шчырасці вачэй.
Дарэчы, гэта песня ў зборніку не адна. Тут і паўсюдна вядомыя “Дачнікі” (верш “Хто на мора, хто на Вячу”), не менш знакамітая “Гадзіна пік”, некалькі менш вядомых, але не менш цікавых песень.
Раздзел “З Італьянскага альбома: у сяброў – нібыта дома” дапаможа апынуцца ў непаўторных мясцінах Апенінскага паўвострава. Гэта своеасаблівы працяг раздзела “Андрэйкавы сябры” з папярэдняй кнігі “Смехапад”.
Гартаючы старонкі раздзела “Кожны з нас сюды імчыцца, каб да спорту далучыцца”, спынішся абавязкова на вершы “Школа славіцца гандболам”. І як тут не спыніцца, калі верш прысвечаны Зэльвенскай ДЮСШ!
Тут Цівунчык
І Міхута
Дасягнулі славы
хутка.
Вёў да поспехаў
зальвян
Леанід Пятровіч
Ган –
Наш вядомы
Трэнер строгі,
Будуць зноўку
Перамогі…
Своеасаблівай спробай пяра “Айбаліта” па-беларуску бачыцца мне “Лясная аптэка” з заключнага раздзела кнігі “Завітала ў госці казка- сустракайце, калі ласка!”
Чаму нічога не кажам пра казку “Прыгоды марахода”, што дала назву зборніку? Чытачы “Працы” ўжо мелі магчымасць пазнаёміцца з урыўкамі з яе. Ды і, відаць, сустрэчы будуць яшчэ, бо прыгоды ката-марахода зацікавілі самога аўтара. Ва ўсякім выпадку, на заканчэнне кнігі ён абяцае расказаць пра далейшыя прыгоды “у наступны раз”.
Значыць, да наступнага разу, да сустрэчы з цудоўным сябрам Зэльвенскай сярэдняй школы №2 – паэтам Уладзімірам Мінавічам Мазго.

Уладзімір Мазго