Государственное учреждение культуры

"Зельвенская районная библиотека"

231940, Гродненская область, г.п. Зельва, ул. Советская, д. 34
 

Госць "Сакавін"

“Развязаўся мех са смехам...

 

У 1999 годзе ў раённым Доме культуры адбылася прэм’ера кнігі для дзяцей “Смехапад” нашага земляка, паэта Уладзіміра Мазго, якая нядаўна выйшла ў выдавецтве “Юнацтва”. На сустрэчу з паэтам прыйшлі вучні сярэдніх школ гарадскога пасёлка, аматары і прыхільнікіпаэзіі.
Выступаючы перад сваімі чытачамі, паэт прызнаўся, што прэм’ера кнігі – падзея заўсёды хвалюючая і прыемная. Тым больш радасная яна, што праходзіць на дарагой сэрцу Зэльвеншчыне.
Дэбют Уладзіміра Мазго ў рэспубліканскім друку адбыўся 25 гадоў таму. Так што сёлетні год можна з поўным правам лічыць юбілейным у творчай дзейнасці нашага земляка.
Чвэрць стагоддзя! А такое ўражанне, што гэта ўчора васьмікласнік Зэльвенскай сярэдняй школы №2 быў бясконца шчаслівы, бо адначасова два папулярныя выданні для дзяцей – газета “Піянер Беларусі” і часопіс “Бярозка” надрукавалі яго вершы.
Цікавасць да творчасці юнага паэта праявіла таксама ў свой час і раённая газета “Праца”. Старонка “Зоры над Зальвянкай” – “доўгажыхар” газеты – апошнія 20 гадоў рэгулярна змяшчае яго вершы, а цяпер і песні, якія спявае ўся рэспубліка. Дарэчы, напярэдадні гэтай сустрэчы на Беларускім тэлебачанні адбыўся канцэрт “Песні на вершы Уладзіміра Мазго”, а напярэдадні 8 сакавіка прэм’ера яго песні “Поезд вясны”, з якой “Зоры над Зальвянкай” знаёмілі сваіх чытачоў.
Адказваючы на шматлікія пытанні ўдзельнікаў прэм’еры кнігі “Смехапад”, паэт адзначыў:
-Зэльва – мая малая радзіма. Тут закончыў школу, пасля былі вучоба на філалагічным факультэце БДУ, служба ў Арміі, журналісцкая праца.
Амаль 15 год Уладзімір Мазго працуе рэдактарам выдавецтва “Юнацтва”, з’яўляецца членам Саюза беларускіх пісьменнікаў. За гэты час адрэдагаваў 115 кніг розных аўтараў. Калі ўсё паставіць на паліцу – атрымаецца цэлая бібліятэка. Некаторыя з іх, як “Вясёлая азбука” Уладзіміра Ліпскага, “Каго баіцца зубр?” Міколы Чарняўскага, “Сябрынка” Уладзіміра Мацвеенкі, “Птушыная азбука” Хведара Гурыновіча адзначаны Літаратурнай прэміяй імя Я. Маўра.
Што датычыць “Смехапада”, то гэта яго ўжо шостая кніга ў творчым багажы. Дагэтуль, як многія з вас ведаюць па паведамленнях “Зораў над Зальвянкай”, былі паэтычныя зборнікі “Пад спеў крыніц”, “Вершаліна”, “Калі спрачаюцца маланкі”, “Марафон”, “Суседзі па сусвеце”.
На пытанне аднаго з чытачоў пра назву кнігі, паэт адказаў з уласцівым яму гумарам:
-Назва “Смехапад” – не выпадковая, калі ўлічыць, што нарадзіўся я ў адзін дзень (не год, а дзень!) з патрыярхам беларускага гумару Кандратам Крапівой і шчыра люблю дасціпны жарт, гумар, смех, якіх саграваюць наша жыццё. У школьныя гады нават быў пераможцам конкурсу “Шукаем усмешку”, які праводзіла “Піянер Беларусі”. Нездарма і кніжны раздзел – “Смех у мех” – складаюць вясёлыя вершы.
У кнігу, як паведамлялася ў адным з выпускаў “Зораў над Зальвянкай”, увайшлі вершы, песні, казкі, загадкі – на любы густ. Як адзначыў паэт, тэмы многіх твораў падказаў яму сын Андрэй, які вучыўся ў сярэдняй школе.
Вось пацеха,
Дык пацеха:
Развязаўся мех
Са смехам,
І па вуліцы пабег
Незвычайны гучны
Смех…

Уладзімір Мазго