Государственное учреждение культуры

"Зельвенская районная библиотека"

231940, Гродненская область, г.п. Зельва, ул. Советская, д. 34
 

Госці "Сакавін"

“Сакавіны – 2011”
“Сакавіны” 2011 года азарылі сваёй прысутнасцю “палымяне”. Уладзімір Мазго у 2010 годзе стаў супрацоўнікам старэйшага літаратурна-мастацкага часопіса краіны “Полымя”. І ён не прамінуў гэтым скарыстацца: угаварыў новых сяброў па працы прыняць удзел у свяце паэзіі і музыкі на сваёй радзіме.
Узначаліў дэлегацыю з чатырох чалавек галоўны рэдактар часопіса, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы Мікалай Мятліцкі. У складзе дэлегацыі – яшчэ тры лаўрэаты: загадчык аддзела прозы Уладзімір Саламаха мае таксама Дзяржаўную прэмію; Казімір Камейша - Літаратурную імя Аркадзя Куляшова; Уладзімір Мазго – Літаратурную імя Васіля Віткі і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
У раённым Доме культуры сабраліся старшакласнікі школ пасёлка, члены літаратурнага аб’яднання “Зоры над Зальвянкай”, клубаў “Ліра” і “Восень жыцця”, “Сярэбраная нітка” і “Радасць зносін”.
Мікалай Міхайлавіч Мятліцкі, галоўны рэдактар часопіса чытаў свае новыя вершы са зборніка “Цяпло буслінага крыла”, каменціруючы кожны твор. Родам Мікалай Міхайлавіч з Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Яго вёска Бабчын пасля Чарнобыльскай катастрофы апынулася за калючым дротам. Пра яе і жыхароў – дзесяткі твораў паэта, нават цэлыя кнігі. Бо яго Слова зараз, пасля той бяды, “набрыняла журбой”, “поеннае гаркотай” і “запаленае бядой”.
Уладзімір Пятровіч Саламаха згадаў пра яго сяброўскія адносіны з нашым земляком І. Л. Сяргейчыкам. Баліць у нашых сэрцах гэта ранняя страта. Баліць і гасцям – Саламаху і Камейшы, бо звязаны былі з Іванам Лук’янавічам моцнай мужчынскай дружбай. Саламаха расказаў, як упершыню трапілі да яго апавяданні Сяргейчыка, як пры сустрэчы папрасіў таго працягваць літаратурную працу. І Іван Лук’янавіч у цяжкіх умовах афганскай вайны, у “зоне маўчання” вёў дзённік і перапраўляў яго ў Мінск новым сябрам. Галоўны рэдактар “Маладосці” Анатоль Грачанікаў, прачытаўшы “Афганскі дзённік” Сяргейчыка і добра разумеючы магчымыя “аргвывады”, надрукаваў яго ў бібліятэцы часопіса. Так “Горкі пыл Гіндукуша” адным з першых у беларускай літаратуры расказаў аб вайне, якая забірала і калечыла сотні маладых жыццяў…
Уладзімір Пятровіч Саламаха – празаік, загадвае аддзелам прозы ў “Полымі”. Гэта праз яго рукі праходзіць мноства апавяданняў, аповесцяў, раманаў. Ён умее выявіць талент, адкрыць яго для іншых. Як і сам “умее весці апавяданне, кіраваць яго развіццём”.
Казімір Камейша прызнаўся, што з задавальненнем ехаў на “Зэльвенскія Сакавіны”, бо і сам зараз у сваёй Налібоцкай пушчы “прапах вясновым сокам”. З уласцівым яму гумарам расказаў, як упершыню пачаў пісаць. “Я хадзіў у тры школы, і кожная з іх знаходзілася не вельмі блізка ад роднай хаты: пачатковая – за 4 км, сямігодка – за 7 км, а дзесяцігодка – за 10. Ідзеш, любуешся наваколлем, і сама прырода падказвае: пішы. Але маім першым вершам не дужа шанцавала. Адзін з іх, пра каханне, бацька “ацаніў” папругай, а цэлых два сшыткі, схаваных ад людскага вока пад кроквы на гарышча, “зачыталі” мышы.
Кожны верш мае гісторыю свайго стварэння, пра што і гаварыў Казімір Вікенцьевіч.
Уладзімір Мазго – штогадовы ўдзельнік “Сакавін” – пачаў выступленне з падзякі: “Вельмі ўдзячны калегам, што дзеляцца цяплом сваіх сэрцаў з маімі землякамі. У кожнага з іх – свая малая радзіма, а ва ўсіх нас разам яна адна: Беларусь. Бязмежна рады, што працую ў такім багатым на традыцыі часопісе, як “Полымя” і што трэці сёлетні нумар яго прысвечаны маёй малой радзіме. Было і прыемна, і цяжка рыхтаваць у яго нарыс пра Зэльву і зэльвенцаў. Усплывалі ў памяці моманты, калі будавалі стадыён “Колас”, Дом культуры, новы будынак школы… Мае першыя вершы змясціла газета “Праца”, якую зараз як уладальніцу “Залатой Ліцеры” ведае ўся рэспубліка. Спадзяюся, што мае юныя сябры з літаб’яднання “Зоры над Зальвянкай” не спыняцца на паўдарозе ў творчым развіцці і калісьці таксама стануць аўтарамі літаратурна-мастацкіх часопісаў”.
Уладзімір Мінавіч чытаў вершы з кнігі “Анёл нябесны” і змешчаныя ў “Полымі” і “ЛІМе”.
Падводзячы вынікі святочнай сустрэчы, намеснік старшыні райвыканкама В. М. Семяняка сказаў: “Мы ніколі не пашкадуем аб тым, што ў 2008 годзе, перад святкаваннем 750-гадовага юбілею Зэльвы, прапанавалі надаць званне Ганаровага грамадзяніна раёна Уладзіміру Мінавічу Мазго. Дзякуючы яму, зэльвенцы маюць унікальную магчымасць сустракацца з самымі знакамітымі людзьмі Беларусі. На “Сакавінах” раскрываюцца юныя таленты. Тут далучаюцца да прыгожага і вечнага”.

Уладзімір Мазго

Казімір Камейша

Уладзімір Саламаха

Мікола Мятліцкі