Государственное учреждение культуры

"Зельвенская районная библиотека"

231940, Гродненская область, г.п. Зельва, ул. Советская, д. 34
 

Госці "Сакавін"

“Сакавіны – 2014” (55 год з дня нараджэння Уладзіміра Мазго)
“сакавіны” зноў юбілейныя. На гэты раз Зэльвеншчына сардэчна віншавала з 55-гадовым юбілеем Ганаровага грамадзяніна малой радзімы Уладзіміра Мазго.
Сёлета У. М. Мазго жыццё падарыла дзве пяцёркі за сталасць, мудрасць і дабрыню. З багатай спадчынай падышоў наш зямляк да гэтай даты. У гэтым годзе “Невский альманах”, што выдаецца ў Санкт-Пецярбургу, пазнаёміў расіян з чарговай падборкай твораў нашага земляка ў перакладзе А. Аўруціна.
Свята на Зэльвеншчыне адбывалася у сямнаццаты раз і як заўсёды сабрала сапраўдны зарапад талентаў.
Адроджаны ў XXI ст. Ганненскі кірмаш стаў галоўным брэндам сучаснай Зэльвы. А вось “Сакавіны” могуць стаць яе другім брэндам. Такую думку выказаў на нядаўнім свяце паэзіі і музыкі сам галоўны яго ініцыятар і натхняльнік – Уладзімір Мазго. Думка была падтрымана намеснікам старшыні райвыканкама Валянцінам Семянякам і апладысментамі залы раённага Дома культуры, дзе і прайшло свята.
Апошнім часам радуюць паэта выдавецтвы “Народная асвета”, “Чатыры чвэрці”, “Выдавецкі дом “Звязда”. На працягу двух апошніх гадоў імі выдадзена шэсць кніг паэта для дзяцей і дарослых. Да юбілею і чарговых “Сакавін” прымеркаваны бібліяграфічны даведнік “Вытокі слова Уладзіміра Мазго”, выдадзены раённай бібліятэкай. А літаральна за два-тры дні да свята “Мастацкая літаратура” выпусціла цудоўнейшая выданне пад рэдакцыяй Анатоля Зэкава “Завітала ў госці казка”. Кнігу, што меў аўтар у адзіным экзампляры, ён падарыў дзіцячай бібліятэцы. А вось апошнюю кнігу “Адвечныя скарбы радзімы” з поспехам прэзентавалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь у сакавіку.
Сёлета разам з Уладзімірам Мазго да нас прыязжалі:
- лаўрэат Дзяржаўнай, літаратурнай і журналісцкай прэмій, уладальнік “Залатога купідона” Алесь Марціновіч;
-лаўрэат літаратурных прэмій, Федэрацыі прафсаюзаў і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Старшыня Мінскага гарадскога аддзяленя Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў;
-лаўрэат Дзяржаўнай прэміі і прэміі Ленінскага камсамола, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі, да нядаўняга часу – галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі” Генадзь Пашкоў;
- дацэнт кафедры мастацтва і эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, таленавіты кампазітар і выканаўца Алег Елісеенкаў.
Госць Сакавін Генадзь Пятровіч Пашкоў – адзін з самых вядомейшых людзей ў Беларусі. Шмат гадоў узначальвае ён самае “мудрае” выдавецтва краіны “Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі”.
Ён - аўтар больш за дзесятак цудоўных літаратурных зборнікаў. Ён заканамерна ўваходзіць у групу вядучых паэтаў Беларусі. Творчасць Майстра паэтычнага слова ідзе ад душы, у ёй можна знайсці дабрыню, любоў да акружаючых людзей.
Асноўным сэнсам жыцця Генадзя Пятровіча стала падрыхтоўка фундаментальных энцыклапедычных і даведачных выданняў падчас працы рэдактарам выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”. Нягледзячы на вялікую службовую занятасць, а ён з’яўляецца першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі, Генадзь Пашкоў актыўна працуе на творчай ніве. Яго пяру належыць шэраг высокамастацкіх кніг самага рознага жанравага дыяпазона – 8 зборнікаў для дарослых, 3 зборнікі для дзяцей, зборнік нарысаў “Будзень як свята”. Сочачы за падборкамі вершаў, якія друкуе Генадзь Пашкоў, не перастаеш любавацца сакавітымі, вельмі маляўнічымі краявідамі роднай зямлі.
У 2013 годзе Генадзь Пашкоў атрымаў званне “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь”.
Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў двойчы госць “Сакавін”. Першы раз ён наведаў Зэльву у 2012 годзе, і вось зноў. Міхаіл Паўлавіч – нястомны прапагандыст духоўных і маральных каштоўнасцей, шматгранная постаць ў сучаснай літаратуры. За сваё жыццё Міхаіл Паўлавіч успеў папрацаваць школьным настаўнікам, навуковым супрацоўнікам інстытута мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі, дырэктарам літаратурнага музея Максіма Багдановіча, галоўным рэдактарам выдавецтва “Юнацтва”, часопісаў “Вожык” і “Нёман”. Выдаць 36 кніг і стаць лаўрэатам 7 літаратурных прэмій.
Алесь Андрэевіч Марціновіч - беларускі пісьменнік, крытык, журналіст, літаратуравед. Ён аўтар больш чым за 30 кніг, у тым ліку выданняў па гісторыі для дзяцей. Вяршыняй творчасці Алеся Марціновіча з’яўляецца мнагатомная гісторыя Беларусі ў тварах, у якіх упершыню ў беларускай літаратуры праз жанр мастацка-дакументальных твораў прасочаны лёсы больш чым 300 знакамітых суайчыннікаў, а таксама тых, хто нарадзіўся ў іншых краінах, але звязаў лёс з Беларуссю - “Хто мы, адкуль мы..”, “У часе прасветленыя твары”, “Святая Еўфрасіння”, “Элегіі забытых дарог” і інш. Ён цікавейшы крытык, звярнуў сваю ўвагу адным з першых на кнігу У. Мазго “У нябёсах вясны”. З 2011 года Алесь Андрэевіч працуе загадчыкам аддзела крытыкі часопіса “Полымя”.
Кампазітар, педагог, выканаўца, прадзюсер, дацэнт кафедры мастацтва і эстрады Беларускага Дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва Алег Мікалаевіч Елісеенкаў як і Міхась Пазнякоў на “Сакавінах” другі раз. І як першы раз, аддзіннаццаць год назад, Алега Елісеенкава зала сустракала гарачымі апладысментамі на “ура”. Кампазітар згадаў стварэнне песні “Косы твае”, якая дзесяткі год гучыць на беларускай эстрадзе.
Госці Сакавін задаволены цёплым прыёмам, зацікаўленасцю зэльвенцаў у паэтычным слове і музыцы.
Як сказала мясцовая паэтка, настаўніца Святлана Літвінчык, калі віншавала паэта з юбілеем - “Упэўнена, што карысць для школьнікаў будзе ад свята вельмі вялікая. Роднае слова жыве, яно заслугоўвае глыбокай пашаны і любові. На роднай мове ствараюцца сапраўдныя шэдэўры, якія тут чуюць дзеці”.
Свята “Сакавіны” у чарговы раз засведчыла, што сярод зэльвенцаў на працягу многіх год нязменнай застаецца цікавасць да роднага слова, асабліва калі яго прапагандуюць майстры сучаснай беларускай літаратуры.

Уладзімір Мазго

Генадзь Пашкоў

Алег Елісеенкаў

Міхаіл Пазнякоў

Алесь Марціновіч