Государственное учреждение культуры

"Зельвенская районная библиотека"

231940, Гродненская область, г.п. Зельва, ул. Советская, д. 34
 

“Сакавіны – 2022”

У вясновы красавіцкі дзень работнікі Зэльвенскай раённай бібліятэкі ладзілі раённае свята паэзіі і музыкі “Зэльвенскія Сакавіны”. Сакавінам у гэтым годзе споўнілася 25 год. Сёлета на Сакавіны завіталі вельмі адметныя асобы. Усе яны не толькі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, але і члены кіруючых органаў – Праўлення і Прэзідыума:

 - Уладзімір Мінавіч Мазго – ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна, член Савета Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі;
-Алена Анатольеўна Стэльмах – першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў;
-Валянцін Міхайлавіч Семяняка – член прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

-Уладзіслаў Станіслававіч Цыдзік – грамадскі дзеяч і фотамастак;
-Ханок Эдуард Сямёнавіч – вядомы кампазітар, народны артыст Беларусі, грамадскі дзеяч.

 

         Напярэдадні свята бібліятэкары раённай бібліятэкі атрымалі незвычайны груз –фотакарціны аднаго з удзельнікаў Сакавін – Уладзіслава Станіслававіча Цыдзіка. Работы дзіўнай прыгажосці былі размешчаны на стэндах у фае раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, каб з імі маглі пазнаёміцца жыхары і госці пасёлка. Палюбавацца, сапраўды, было чым. Уладзіслаў Станіслававіч вельмі адказна ставіцца да выбару аб’ектаў. Дарэчы, з выставай яго дзівосных работ жадаючыя маглі пазнаёміцца яшчэ на працягу двух тыдняў.

        Уладзімір Мазго, Алена Стэльмах і Валянцін Семяняка парадавалі прысутных і прыхільнікаў іх творчасці сваімі новымі творамі.  Уладзіслаў Цыдзік распавёў, як стаў фотамастаком. Эдуард Ханок не пакінуў абыякавымі нікога ў зале. Яго папуры спадабалася як больш старэйшай, так і больш маладой аўдыторыі слухачоў.

         Пра многае згадаў у сваім выступленні Уладзімір Мінавіч Мазго: і пра ансамбль “Русічы”, для якога школьнікам пісаў вершы-песні, і пра першыя крокі прафесійнага паэта-песенніка, пра выканаўцаў яго песень. Адзначыў, што сёлета як раз споўнілася 30 гадоў з таго дня, як Іна Афанасьева выканала яго “Варажбу” і як бы наваражыла паэту вядомасць на ўсю краіну. Адзін з вершаў, якія чытаў Мазго, ён прысвяціў дачасна загінуўшаму Якаву Навуменку.

 

         Творчы дуэт Алены Стэльмах і Уладзіслава Цыдзіка прадставіла сама Алена Анатольеўна Стэльмах. Яна – член журы Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”, рэспубліканскага – “Нацыянальнай літаратурнай прэміі”. Яна аўтар некалькіх выдатных кніг, прадстаўленых і на выставе-продажы ў фае, раскрыла сакрэт суправаджэння карцін Цыдзіка паэтычнымі радкамі.

Гадоў 5-6 таму Алена Стэльмах зацікавілася работамі Уладзіслава Станіслававіча, прапанавала яму стаць удзельнікам праекта “Бачу Беларусь такой”. Ёй здалося, што да цудоўных прац Цыдзіка вельмі пасуюць радкі паэтаў, што гэтак жа моцна, як мастак, любяць Радзіму. Зацікавіла праектам выдавецтва, іншых мастакоў, адшукала шмат адпаведнікаў карцінам. Вынікам гэтай дзейнасці сталі зборнікі серыі “Зачараваны Беларуссю”. У адным з іх змешчаны творы фотамастака і 65-ці паэтаў.

Пазнаёміла Алена Анатольеўна ўдзельнікаў свята і са сваёй кнігай “Навасады”  – яе падзякай роду і аднавяскоўцам любімай вёсачкі ў Дзяржынскім раёне, дзе прайшло яе дзяцінства. Звярнулася да моладзі ў зале, каб сабіралі звесткі аб малой радзіме, запісвалі ўспаміны дзядуль і бабуль, каб былі ўдзячнымі прадаўжальнікамі папярэдніх пакаленняў.

        

   Уладзіслаў Цыдзік прасіў маладых як мага болей назапашваць ведаў і навыкаў, якія вельмі спатрэбяцца ў жыцці. А. С. Цыдзік, відаць, таму дасягнуў такіх поспехаў у фотамастацтве, што ведае жыццё ўсебакова. Зборнік з яго работамі “Бачу Беларусь такой” атрымаў першую прэмію Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Фотавыставы яго ладзіліся ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у Чырвоным касцёле, на II Еўрапейскіх гульнях і ў краінах СНД. У. С. Цыдзік узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, Ганаровымі граматамі НАН Рэспублікі  Беларусь, Міністэрства  сельскай гаспадаркі і харчавання і шэрагу іншых.

         Валянцін Міхайлавіч Семеняка згадаў, як калісьці, будучы ў Мінску на курсах, змог пабыць на сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі Нілам Гілевічам і Янкам Брылём. Упэўнены, што школьнікі, якія прыйшлі на Сакавіны будуць успамінаць сёняшні дзень з такой жа ўдзячнасцю, з якой ён сам тую памятную сустрэчу з класікамі. Вельмі ўдзячны Уладзіміру Мінавічу за яго такую вялікую справу, якую з поўным правам можна назваць падзвіжніцкай. Бо і сапраўды, сабраць на кожныя Сакавіны букет знакамітасцяў вельмі складана. І калі б не вялікая павага да Мазго з боку яго сталічных сяброў, наўрад ці гэта было б магчыма.  Потым Валянцін Міхайлавіч знаёміў залу з вершамі. Былі гэта і творы з ужо выдадзеных зборнікаў, якія ўжо паспелі палюбіць чытачы, і тыя, якія, спадзяёмся, увойдуць у новую кнігу.

   Заслужаны дзеяч мастацтваў, народны артыст Беларусі, член Саюза кампазітараў краіны Эдуард Сямёнавіч Ханок сам дарыў удзельнікам свята свае песні. Зала з радасцю падхоплівала знаёмыя мелодыі. Шлягераў Ханка немагчыіа пералічыць: «Малиновка», «Я у бабушки живу», «То ли ещё будет», «Счастливый случай», «Реченька туманная», «Завіруха», «Вы шуміце бярозы» увайшлі у сэрцы дзяцей, моладзі і старэйшага пакалення. Што Эдуард Сямёнавіч добра разумее, чым зацікавіць публіку, пацвердзіў заключны акорд выступлення Ханка: ён сыграў папуры на творы любімых сёняшняй моладдзю мелодый, і зала гатова была бясконцымі апладысментамі дзякаваць кампазітару за яго талент і пранікненне ў іх душы.

 

   Яніна Людвікаўна Шматко ў сваім выступленні зрабіла акцэнт на тым, што ўдзельнікі першых Сакавін  (школьнікі) даўно выраслі , а сёняшнія не могуць ведаць усіх, хто дарыў радасць сустрэчы іх папярэднікам. Таму яна ў вершаваных радках, (напісанымі ею) нагадала імёны людзей, што адгукнуліся на просьбу Уладзіміра Мінавіча Мазго і ў розныя гады наведалі нашу Зэльву:

Малахоўскі, Саверчанка, Кебіч,

Качароўскі, Пашкоў, Пазнякоў,

Марціновіч, Камейша

                                і Грэкаў –

Госці самых розных гадоў.

Яна Явіч, Прыгодзіч, Статкевіч.

Саламаха, Мятліцкі і Шніп,

Быў Чарота, Аўласенка, Скобла,

Гальпяровіч Навум гасціў.

Уладзімір Марук, Таболіч,

І Чарняўскі тут жартаваў,

Ды і Зэкаў ўсім спадабаўся –

Ад Міколы не адставаў.

І Мікола Маляўка для дзетак

Шмат цікавага расказаў.

(Прыязджаў тады,

                          як у “Вясёлцы”

Разам з Мінавічам працаваў).

А Навуменка, Елісеенкаў

Нашы сэрцы ў палон узялі,

Як прыехалі, заспявалі

Два салоўкі роднай зямлі.

А сягоння – новая радасць:

Выдавецкі наш Дом “Звязда”

Тут выставу-продаж наладзіў,

Каб парадаваць ўсіх зяльвян.

Ды і новыя госці прыехалі:

Стэльмах, Цыдзік і сам Ханок,

Землякі – Семяняка

                           й Мазго Уладзімір –

Найраскошны жывы вянок .

Вам здароўя і міру жадаем

На дні, месяцы і гады,

Зноў у госці чакаем –

Хай не гасне агонь Сакавін!

 

                                                     (Па матэрыялам раённай газеты "Праца")