Кожны з нас ведае, што кніга — адна з галоўных крыніц ведаў, а развіваць цікавасць да чытання ў дзяцей неабходна пачынаць ужо ў дашкольным узросце. Пра гэта ведаюць і работнікі УА “Дзіцячы сад №4 г.п. Зэльва”, якія прывялі выхаванцаў старэйшай групы ў Зэльвенскую раённую бібліятэку на экскурсію “Падарожжа ў краіну цікавых кніг”. Работнікі бібліятэкі душэўна сустрэлі рабят і прапанавалі здзейсніць займальнае падарожжа ў свет кніг. Дзецям расказалі пра бібліятэку, для чаго яна патрэбна. Далей пазнаёмілі з правіламі карыстання кнігамі, як запісацца ў бібліятэку, як выбіраць кнігі і як паводзіць сябе ў бібліятэцы, даведаліся, што азначае слова “фармуляр”. Падчас мерапрыемства рабяты пагулялі ў гульні і нават патанцавалі. Па заканчэнні экскурсіі дзеці запісаліся ў бібліятэку і з задавальненнем узялі пачытаць упадабаныя кнігі.









