У красавіцкі пагодлівы дзянёк штогадовае свята паэзіі і музыкі “Зэльвенскія Сакавіны”, якое ладзіць Зэльвенская раённая бібліятэка, зноў сабрала творцаў мастацкага слова і ператварыла Зэльву ў літаратурную сталіцу краю.
На гэты раз Уладзімір Мінавіч Мазго завітаў разам з Рагнедам Юр’евічам Малахоўскім і Дзмітрыем Мікалаевічам Радзівончыкам.
Шаноўных гасцей прышоў прывітаць старшыня Зэльвенскага райвыканкама Юрый Уладзіміравіч Касталомаў, які адзначыў, што творчасць – гэта вялікае дараванне, а пісаць вершы – гэта асаблівы дар.
Многа добрых слоў гучала ў адрас нашага зямляка Уладзіміра Мазго. А ён у адказ даваў зэльвенцам сваю творчую справаздачу. У гэтым годзе аўтар выдаў новую кнігу “Золак залаты”, якая дарэчы, ўжо ёсць у бібліятэцы.
Рагнед Малахоўскі, ужо другі раз наведвае наша свята, падзяліўся з прысутнымі сваімі лірычнымі і мілагучнымі вершамі.
Дзмітрый Радзівончык, наш зямляк, дэкламаваў свае акравершы. У кожны радок паэт уклаў асабістыя эмоцыі і глыбокія разважанні.
Наш зямляк, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Прэзідыума і Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянцін Міхайлавіч Семяняка даслаў відэазварот удзельнікам мерапрыемства.
Свята паэзіі і музыкі “Зэльвенскія Сакавіны” яшчэ раз даказала: цікавасць да сапраўднай літаратуры і паэзіі не згасае. Такія сустрэчы не толькі дораць натхненне, але і ўмацоўваюць духоўную повязь пакаленняў. Мы з нецярпеннем будзем чакаць наступнай вясны, каб зноў акунуцца ў свет літаратурнага слова і гармоніі.















