У рамках рэспубліканскай акцыі “Я і мая сям’я — без брыдкаслоўя” і да Міжнароднага дня сям’і ў Елкаўскай інтэграванай бібліятэцы прайшоў урок маральнасці “Вірус брыдкаслоўя”. Вядучым імпрэзы выступіў святар Царквы Святога Архангела Міхаіла ў Сынкавічах айцец Віталь, які ў ходзе сустрэчы расказаў дзецям пра важнасць чысціні прамовы і духоўнай адказнасці за кожнае прамоўленае слова. “Брыдкаслоўе — гэта зло. Нам неабходна сачыць за кожным словам. У маўчанні чалавек асвячаецца, а пры брыдкаслоўі — апаганьваецца”, — падкрэсліў святар. Асаблівая ўвага была нададзена паходжанню і сэнсу нецэнзурнай лексікі. Айцец Віталь даступна патлумачыў, чаму лаянкі шкодныя не толькі для душы, але і для здароўя, сям’і і будучага пакалення. У завяршэнне сустрэчы дзеці шчыра паабяцалі змагацца з гэтай нялёгкай у наш час спакусай, берагчы добрыя адносіны ў сям’і, паважаць бацькоў і настаўнікаў, а таксама клапаціцца аб чысціні сваёй мовы.










