Работнікі Зэльвенскай раённай бібліятэкі не даюць сумаваць дзецям, якія адпачываюць у аздараўленчым лагеры “Блакітная хваля”, яны імкнуцца зрабіць так, каб кожны дзень прыносіў ім не толькі радасць, але і новыя адкрыцці. Сёння з першых хвілін правядзення гадзіны весялосці “Свет шчаслівай маладосці” рабяты пагрузіліся ў атмасферу весялосці і дружбы. Іх чакалі гарэзныя гульні, пацешныя заданні, загадкі і жартоўная віктарына. Падзяліўшыся на каманды, удзельнікі з азартам спаборнічалі ў спрыту і знаходлівасці. Скакалі, бегалі, танцавалі — кожны імкнуўся ўнесці свой уклад у перамогу. Суперніцтва было сумленным і добрым, а эмоцыі — шчырымі. Смех, усмешкі і радасныя дзіцячыя твары суправаджалі мерапрыемства ад пачатку да канца. У выніку, як гэта часта бывае, на самых цёплых святах, перамагла дружба. Дзеці не толькі весела правялі час, але і атрымалі зарад энергіі і выдатнага настрою на ўвесь дзень.











