Дзяржаўная ўстанова культуры “Зэльвенская раённая бібліятэка”

231940, Гродзенская вобласць, г. п. Зэльва, вул. Савецкая, д. 34


“Кніжная лаўка” з сакрэтам

Сёння Зэльва пагрузілася ў атмасферу легендарнага Ганненскага кірмашу. Адной з яркіх лакацый свята стала пляцоўка-інсталяцыя “Кніжная лаўка”, якую арганізавалі супрацоўнікі Зэльвенскай раённай бібліятэкі. Бібліятэкары творча падышлі да афармлення сваёй прасторы і падрыхтавалі для жыхароў і гасцей пасёлка нямала сюрпрызаў: наведвальнікаў сустракалі каларытны “воз з сакрэтам” і старадаўні куфар, напоўнены пудамі займальных кніг аўтараў 18 стагоддзя. Галоўным упрыгожваннем лакацыі стаў незвычайны святочны торт, “інгрэдыенты” якога беражліва захоўваюць самыя цікавыя і памятныя падзеі за ўсе гады правядзення абноўленага кірмашу. Таксама бібліятэкары разгарнулі выставачную экспазіцыю, якая распавядае пра шматвяковую гісторыю і традыцыі Ганненскага кірмашу. Госці “кніжнай лаўкі” маглі не толькі зрабіць атмасферныя фатаграфіі, але і правесці час з карысцю. Аматары інтэлектуальнага вольнага часу з задавальненнем гулялі ў шахматы, адгадвалі назвы кніг-пярэкрутаў, спрабавалі разгадаць прыказкі пра кнігу, зашыфраваныя ў карцінкі. Кожны жадаючы мог пакінуць цёплае пажаданне любай Зэльве і самому Ганненскаму кірмашу. А самай папулярнай забавай стаў тэматычны майстар-клас: наведвальнікам прапаноўвалі адчуць сябе пісарамі мінулых эпох — уласнаручна вывесці дыплом удзельніка свята сапраўдным чарнільным пяром і прыгожа яго аформіць на памяць пра фестываль.