Дзяржаўная ўстанова культуры “Зэльвенская раённая бібліятэка”

231940, Гродзенская вобласць, г. п. Зэльва, вул. Савецкая, д. 34


“У дружбе з кнігай праляцела лета!”

Вось і падыходзіць да канца пара самых доўгіх, яркіх і любімых дзіцячых канікул. Напрыканцы супрацоўнікі Зэльвенскай раённай бібліятэкі падарылі дзецям мікрараёна “Паўночны” сапраўднае свята! На пляцоўцы па вуліцы Чыгуначнай разгарнулася займальная гульнявая праграма. Рабяты з радасцю пагрузіліся ў атмасферу творчасці і весялосці: успаміналі любімыя кнігі, прачытаныя за тры цёплыя месяцы, і з захапленнем дзяліліся гісторыямі пра свае летнія прыгоды. Бібліятэкары падрыхтавалі для юных гасцей цэлы калейдаскоп забаў: задзірыстыя конкурсы “Вясёлы парасон”, віктарыны “Адгадай героя казкі” і хітрыя “Літаратурныя загадкі”. Мерапрыемства завяршылася цёплай нотай. Кожны ўдзельнік забраў з сабой памятны флаер “Выдатнаму чытачу” і зарад выдатнага настрою. Развітваючыся, бібліятэкары пажадалі дзецям, каб кожная новая кніга прыносіла ім радасць адкрыццяў і вяла да асабістых дасягненняў. Канікулы завяршаюцца, але дзверы бібліятэкі заўсёды адкрыты для верных сяброў!