Роднае слова — гэта цэлы космас, поўны казак і загадак. У гэтым упэўніліся чытачы Елкаўскай інтэграванай бібліятэкі, якія сталі героямі захапляльнай квэст-гульні “Таямніцы беларускага слова”.
Цэнтрам гульні стаў старажытны сундучок, які нібы прыйшоў з мінулых стагоддзяў, каб перадаць дзецям важнае пасланне. Але дарога да спадчыны патрабавала намаганняў: наперадзе чакалі 8 станцый выпрабаванняў. Дзеці з галавой акунуліся ў свет шыфраў, паэтычных загадак і літаратурных лабірынтаў.
Крок за крокам, збіраючы запаветныя ключы-літары, юныя аматары чытання набліжаліся да разгадкі. І вось, калі апошні замок здаўся, прагучала запаветнае слова — «РУКАПІС»! Куфэрак адкрыў сваю таямніцу, падараваўшы дзецям мудрае фінальнае пасланне і разуменне таго, што найвялікшы скарб нашага народа — гэта яго мова.













