У Елкаўскай інтэграванай бібліятэцы напярэдадні Дня бібліятэк быў арганізаваны Дзень адчыненых дзвярэй “Быць чытачом імкніся – у бібліятэку запішыся!”.
Бібліятэкар правяла для дзяцей займальную экскурсію, прыадчыніўшы заслону таямніц сваёй прафесіі. Маленькія госці даведаліся: як уладкаваны кніжны дом, па якіх правілах кнігі жывуць на паліцах і чаму ў кожнага тома ёсць свой сакрэтны шыфр з літар і лічбаў, як правільна сябраваць з кнігай і арыентавацца ў бязмежным кніжным фондзе, як тэматычныя падборкі дапамагаюць знайсці самую цікавую гісторыю.
Тэорыя хутка саступіла месца захапляльнай гульні! Школьнікі з азартам удзельнічалі ў святочнай віктарыне. Яны наперабой адказвалі на каверзныя пытанні пра кнігі, здзейснілі віртуальнае падарожжа па старонках любімых казак і “шчоўкалі”, як арэшкі, хітрыя загадкі.
А сапраўднае захапленне ў рабят выклікала незвычайная кніжная выстава “Кнігі самыя… самыя… самыя…”. Тут хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі на свае вочы ўбачыць і нават патрымаць: самую вялікую і самую мініяцюрную кнігу; самы тоўсты фаліянт і самую бязважкую кніжку-малышку; выданне з самай доўгай і заблытанай назвай; “самую разумную” і нават “самую шкодную” кнігу!














