У Дзень бібліятэк работнікі Зэльвенскай раённай бібліятэкі правялі захапляльны квэст-гульню “Па дарозе літаратурных прыгод”.
Праграма квэста ўключала 5 станцый, на кожнай з якіх удзельнікаў чакалі захавальнікі з няпростымі заданнямі. “Літаратурнае кафэ” – дзе ўдзельнікі адгадвалі любімыя стравы вядомых персанажаў. “Пакой забытых рэчаў” – станцыя, якая вярнула страчаныя артэфакты іх законным уладальнікам-героям. “З ног на галаву” — дзе дзецям прыйшлося па перакручаных загалоўках вядомых твораў адгадаць правільныя назвы, па ілюстрацыях расшыфроўваць прыказкі пра кнігу. “Літаратурны твістэр” – рухомы і дынамічны прыпынак, які праверыў не толькі веды, але і спрыт каманд. “Куфар літаратурных герояў” – праверка на званне сапраўдных знаўцаў класічных і сучасных дзіцячых твораў.
Праявіўшы сваю кемлівасць і эрудыцыю, рабяты без цяжкасцяў сабралі ўсе падказкі і разгадалі галоўны шыфр дня. Запаветным ключавым словам стала “кніга” – сімвал мудрасці, дружбы і новых прыгод.
У фінале свята ўсіх удзельнікаў чакаў салодкі сюрпрыз. Мерапрыемства падарыла дзецям мора яркіх эмоцый, рызыкі і, галоўнае, даказала: чытаць – гэта модна, весела і неверагодна займальна!













