У Зэльвенскай раённай бібліятэцы адбылася акцыя-заклік “Мы – супраць гвалту”, якая аб’яднала чытачоў розных пакаленняў вакол ідэі міру, клопату і ўзаемнай павагі. Галоўным сімвалам акцыі стаў вялікі арт-ватман з назвай “Дом без гвалту!”. На ім была намаляваная “рука, якая не ўдарыць” — адкрытая далонь, якая сімвалізуе абарону, падтрымку і цяпло. Гасцям бібліятэкі прапаноўвалі ўнесці свой уклад у стварэнне маніфеста дабрыні: наведвальнікі пакідалі на ватмане асабістыя пасланні, шчырыя пажаданні і заклікі да міру ў сем’ях і грамадстве. Бібліятэкары ўручалі наведвальнікам памятныя лістоўкі “Не гвалту!” з карыснай інфармацыяй аб тым, як захаваць гармонію ў доме і куды звярнуцца па дапамогу ў складанай сітуацыі. Дадаткам да акцыі стала тэматычная кніжная выстава “Разам супраць гвалту”.










