Дзяржаўная ўстанова культуры “Зэльвенская раённая бібліятэка”

231940, Гродзенская вобласць, г. п. Зэльва, вул. Савецкая, д. 34


Творчая сустрэча “Я на Зэльвеншчыне нарадзілася”

У Зэльвенскай раённай бібліятэцы адбылася па-сапраўднаму цёплая і шчырая падзея — творчая сустрэча «Я на Зэльвеншчыне нарадзілася» з таленавітай паэтэсай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, нашай знакамітай зямлячкай Ірынай Антонаўнай Войтка.
З першых хвілін у зале панавала асаблівая, даверлівая і ўтульная атмасфера. Госці з вялікай цікавасцю слухалі расповеды аўтара пра жыццё, крыніцы натхнення і непарыўную сувязь з роднай зямлёй. Пранікнёна і мілагучна гучалі любімыя вершы Ірыны Антонаўны, якія краналі кожнага прысутнага да глыбіні душы.
Асабліва эмацыянальным момантам вечара стаў відэапаказ песні «Роднае слова» на вершы паэтэсы ў непаўторным выкананні арт-групы «Беларусы».
Сустрэча пакінула ў сэрцах удзельнікаў светлы след і яшчэ раз нагадала, якімі багатымі на таленты з’яўляюцца зэльвенская зямля і беларускае слова!