Дзяржаўная ўстанова культуры “Зэльвенская раённая бібліятэка”
231940, Гродзенская вобласць, г. п. Зэльва, вул. Савецкая, д. 34
“Сакавіны – 2024”
Слова рвецца на прастор
І нясе навіны.
Беларускі наш узор –
Зэльва… Сакавіны…
Хочацца трошкі перайначыць радкі вядомага верша Ірыны Данік, прысвечаныя святу паэзіі і музыкі, і сказаць, што гэта цудоўнае мерапрыемства стала сапраўдным прыгожым узорам Зэльвеншчыны. А сатканы ўзор з талентаў. Па-першае, нашага земляка Уладзіміра Мазго, дзякуючы якому “Сакавіны” 27 год гучаць у райцэнтры. Па-другое, нашых знакамітых беларускіх паэтаў і паэтэс, музыкантаў і кампазітараў.
С цеплынёй і на гэты раз аўдыторыя – моладзь, аматары музыкі і паэзіі, старэйшае пакаленне – сустракала паважаных гасцей. У гэтым годзе да нас завіталі Валянціна Драбышэўская, член Саюза пісьменнікаў, аўтар кніг для дзяцей, сцэнарыст, педагог-філолаг, Алёна Басікірская, член Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі, журналіст, перакладчык, і Алег Елісеенкаў, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, вядомы спявак і кампазітар, лаурэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных прэмій.
Шчыра, як і заўсёды, віталі гасцей вядучыя мерапрыемства, якія па традыцыі сустрэлі мінчан духмяным зэльвенскім караваем.
Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Лойка, звяртаючыся да літаратараў, адзначыў, што дзякуючы “Сакавінам” зэльвенцы мелі і маюць магчымасць знаёміцца з вядомымі асобамі Беларусі: музыкантамі, кампазітарамі, празаікамі і паэтамі, артыстамі. Сяргей Мікалаевіч выказаў упэўненасць, што свята будзе жыць праз гады і праз дзясятак гадоў мы шырока будзем святкаваць яго 50-годдзе. У знак павагі да Уладзіміра Мазго, які сёлета адзначыў 65-годдзе з дня нараджэння, ад імя райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў уручыў юбіляру прывітальнае пісьмо.
Першаму было прадастаўлена слова ініцыятару і натхняльніку святочнай імпрэзы Уладзіміру Мінавічу, які пазнаёміў прысутных з новымі вершамі.
Далей на сцэну выйшла Валянціна Драбышэўская, якая закранула сэрцы ўсіх сваімі вельмі глыбокімі вершамі пра подзвіг герояў вайны, а таксама пасябравала з зэльвенцамі, калі іх запрасіла паўдзельнічаць у пастаноўцы свайго твора. Атрымалася цікава.
Жартоўнымі і разам з тым павучальнымі творамі падзялілася з аўдыторыяй Алёна Басікірская. Радкі з яе кнігі нават рассмяшылі юнакоў і дзяўчат.
А вось Алег Елісеенкаў, як і заўжды, проста ажывіў залу. Пад яго песні цяжка было ўсядзець на месцы. Ды хіба можна раўнадушна слухаць вершы нашага земляка? Асабліва тыя, якія пакладзены на музыку і вядомы ўжо далека за межамі Рэспублікі Беларусь.
Канешне, госці і на гэты раз падарылі сапраўднае свята. Але і зэльвенцы прыгатавалі прыемныя сюрпрызы – маленькія вакалісткі выканалі музычныя творы, аўтарам якіх з’яўляецца Мазго, эстрадная студыя “Рэтра” – меладычныя песні.
Добрым напамінам аб “Зэльвенскіх Сакавінах” стануць аўтографы аўтараў, сумеснае фота, а таксама ўпэўненасць, што госці абавязкова да нас вернуцца – аб гэтым яны спявалі разам са слухачамі і гледачамі.