Ёсць людзі, якія разумеюць размову птушак, жывёл, рыб, раслін, уважліва іх слухаюць, запісваюць і пераводзяць на чалавечую мову. Адным з іх з’яўляецца Мікалай Іванавіч Сладкоў. Работнікі Зэльвенскай раённай бібліятэкі да 105-годдзя пісьменніка правялі для дзяцей гульню-падарожжа «Загадкі ў лесе — на кожным кроку». Рабяты пазнаёміліся больш падрабязна з біяграфіяй і творамі пісьменніка, даведаліся, як і дзе ён жыў, чым займаўся, што заахвоціла яго пачаць пісаць свае творы. Затым дзеці адправіліся ў займальнае падарожжа па наступных станцыях: “Размінайка”, “Скарга”, “Характар наш і братоў нашых меншых”, “Пазнай жывёлу па голасе”, на якіх іх чакалі цікавыя заданні. Адгадвалі загадкі, даведваліся, чые сляды на снезе, хто ў якой нары жыве і інш. Далей бібліятэкары правялі віктарыну па апавяданнях Сладкова.
Магчыма, пасля знаёмства з творамі аўтара нашы дзеці прасякнуцца любоўю да прыроды. І верагодна, што ім захочацца зімой падкарміць птушак, узяць пад ахову мурашнік, расчысціць гай або палянку ў лесе.