У нядзелю 22 чэрвеня Крывіцкая сельская бібліятэка-клуб да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа запрасіла сваіх чытачоў на гадзіну памяці і смутку “Ішоў мой край дарогамі вайны”, каб успомніць падзеі тых страшных дзён, ушанаваць памяць усіх, хто цаной свайго жыцця захаваў нашу будучыню, нашу свабоду і незалежнасць. Бываюць падзеі, значэнне якіх не мяняецца ад няўмольнага бегу часу. Наадварот, памяць аб Вялікай Айчыннай вайне непадуладная часу, беражліва захоўваемая, перадаваная з пакалення пакаленню, яна перажыве стагоддзі. Памяць пра мінулае вучыць і заклікае, пераконвае і перасцерагае, дае сілу і выклікае веру. Вось чаму наш народ так свята шануе памяць пра подзвігі тых, хто не шкадаваў ні сіл, ні самога жыцця ў Вялікай вайне. Бібліятэкар расказала пра тое, як пачалася вайна, што першымі прынялі бой воіны Брэсцкай крэпасці, пра першыя дні вайны на тэрыторыі Зэльвеншчыны, аб партызанскім руху ў нашай мясцовасці, жыцці мірных жыхароў пад акупацыяй. А таксама пра помнікі і брацкія магілы на тэрыторыі раёна.