У Зэльвенскай раённай бібліятэцы да 110-годдзя з дня нараджэння Канстанціна Сіманава праведзена гадзіна паэзіі “Фронт чакаў яго вершаў”. Спачатку мерапрыемства бібліятэкар расказала, што сёлета мы адзначаем круглую дату з дня нараджэння Канстанціна Сіманава, савецкага пісьменніка, драматурга, журналіста, ваенкара, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, шасціразовага лаўрэата Сталінскай прэміі, уладальніка Ленінскай прэміі, Героя Сацыялістычнай Працы, палітычнага і грамадскага дзеяча. Затым расказам пра жыццё і творчасць Канстанціна Сіманава падзялілася з прысутнымі Ева Аляксандраўна Артурава, якая вельмі цікава, займальна распавяла пра яго франтавы лёс, пра складаныя жыццёвыя выпрабаванні, якія сталі асновай яго паэзіі. Гучалі радкі знакамітага верша “Жди меня”, прысвечанага яго жонцы Валянціне Сяровай, якія перадаюць пачуцці і перажыванні пакалення, якому выпала цяжкая доля жыць і любіць у гады вайны. У кожным вершы Сіманава — голас франтавіка, боль і сіла салдацкага сэрца. Мерапрыемства прайшло ў эмацыйнай атмасферы і выклікала жывыя перажыванні і абмеркаванні пра каханне, сяброўства, чалавечыя адносіны на фоне вайны.








