Государственное учреждение культуры «Зельвенская районная библиотека»

231940, Гродненская область, г.п. Зельва, ул. Советская, д. 34


“Сакавіны – 2023”

Цёпла і сонечна было ў Зэльве красавіцкім днём, калі на арганізаванае раённай бібліятэкай чарговае свята паэзіі і музыкі “Зэльвенскія Сакавіны – 2023” завіталі сталічныя госці. Ініцыятар сустрэчы, наш зямляк Уладзімір Мазго сёлета прыехаў з Сяргеем Трахімёнкам і Інай Фраловай.

Сяргей Аляксандравіч – доктар юрыдычных навук, прафесар, аўтар больш сарака празаічных кніг. Іна Міхайлаўна – паэт, перакладчык і, як выявілася, пачынаючы празаік, казачнік і краязнаўца.

На кніжнай выставе “Творы гасцей Сакавін” можна было ўбачыць ужо знаёмыя нам кнігі земляка, добры дзясятак кніг Сяргея Трахімёнка, часопісы з публікацыямі Іны Фраловай.

Як заўсёды, першым далі слова ініцыятару Сакавін Уладзіміру Мазго.

Уладзімір Мінавіч на Сакавінах заўсёды трымае “справаздачу”. Таму зэльвенцы ведаюць не толькі пра выхад новых кніг, але і пра месцы яго працы. Як тут не ведаць, калі сябры з устаноў, дзе працаваў Мазго, заўсёды падтрымлівалі яго?! Працаваў  у “Вясёлцы” – Мікола Маляўка завітаў у Зэльву, перайшоў у “Полымя” – цэлая брыгада “палымян” азарыла Сакавіны, потым “нёманцы” злучылі выток і вусце вялікай ракі ў Зэльве.

Заканамерна, што зараз, калі Уладзімр Мінавіч працуе у Мінскім гарадскім аддзялені Саюза пісьменнікаў Беларусі, пад уплыў яго трапілі члены самай вялікай гарадской суполкі ў рэспубліцы (з Інай Фраловай працуе ў сакратарыяце гарадскога аддзялення, з Трахімёнкам – у Праўленні СПБ).

Уладзімір Мінавіч ніколі не злоўжывае сваім аўтарытэтам: гаворыць мала, больш часу на выступленне пакідае гасцям. Вось і сёлета нагадаў толькі асноўныя вехі сваёй біяграфіі.

Зэльва і яе ваколіцы заўсёды былі і застаюцца для Мазго цэнтрам Сусвету. Таму ў дарозе расказваў пра Сынковіцкі храм, пра вёску Бярэжкі, з якой  7 гадоў хадзіў у Зэльвенскую сярэднюю школу, пра рэчку Зяльвянку, у якой навучыўся плаваць, пра вадасховішча, што ўзнікла на беразе ракі маленства.

Уладзімір Мінавіч чытаў вершы, прысвечаныя землякам або людзям, асабліва дарагім яго сэрцу, і каментаваў іх змест. Напрыклад, верш “Кіно” прысвечаны кінамеханіку, які прывозіў у Бярэжкі новыя кінастужкі, а яны дзеці, развешвалі афішы, каб скарыстацца ільготамі і без квітка трапіць у вясковы клуб. Згадваў пра кампазітараў і выканаўцаў, з якімі пазнаёмілі вершы-песні. Дарэчы, па няпоўных падліках, песень у нашага земляка больш за сотню.

Уладзімір Мінавіч  падзякаваў землякам і гасцям, што адклікаюцца на яго просьбы.

Вядучая дапоўніла сціплага земляка: сёлета наш Мазго ў чарговы раз адзначаны літаратурнай прэміяй. На гэты раз – імя Янкі Маўра за кнігу “Хутка стану чэмпіёнам”.

Іна Фралова  – ураджэнка Мінска, але карані яе роду на Вілейшчыне. Таму яна так любіць наведвацца туды кожным летам. А нядаўна арганізавала для жыхароў вёскі Шыпкі цудоўнае свята – “Шыпкоўскія плёсы”. Рэзананс быў надзвычай шырокі, што вельмі ўсцешыла паэтку: нездарма карпела над архіўнымі крыніцамі, ствараючы летапіс роднай вёскі бацькоў.

Звяртаючыся да прысутных у зале старшакласнікаў, Іна Мікалаеўна папрасіла-наказала: “Калі хто з вас пачынае пісаць, пішыце на роднай мове. Не думайце, што зможаце стварыць шэдэўр няхай на не чужой вам рускай, але ўсё ж на роднай”. Каму, як не ёй, не толькі паэтцы, але і перакладчыцы, ведаць усю глыбіню гэтага сцверджання?! Фралова і сама карыстаецца дзвюма дзяржаўнымі мовамі, аднак лепшымі лічыць вершы, што створаны на роднай мове.

Яе думку пацвяржае ў прадмовах да першых паэтычных кніг Віктар Шніп (“Чакаю першы снег”, “Там у светлых барах”). Ацэнена паэтка і журы міжнародных конкурсаў (Іна Мікалаеўна, як і Сяргей Аляксандровіч – член двух творчых саюзаў: і беларускага, і расійскага).

Як аўтар ужо некалькіх кніг для дзяцей (“Апельсин”, “Ромашки на асфальте”, “Деревенские каникулы”, “Дзе была сарока?”, “Андрэйкава лета”), Іна Мікалаеўна мае права сцвярджаць і яшчэ адно залатое правіла: “Жыццё, як чарнавік не перапішаш, аб гэтым трэба памятаць з дзяцінства”. І яна сама жыве так, каб быць прыкладам для дзяцей і дарослых.

Іна Мікалаеўна спрабуе сябе і ў прозе. “Не верыла, калі празаікі гаварылі, што героі іх аповедаў жывуць самі па сабе, а не па волі іх стваральніка. І вось пераконваюся: не падманвалі!” – пажартавала госця. А ці яе героі такія ж неслухі, як і ў прафесіяналаў-празаікаў, будзем рашаць, пазнаёміўшыміся з дзеючыміся асобамі кнігі “Андрэйкава лета”, якую аўтар падаравала раённай бібліятэцы.

– Мы несліся насустрач вясне, – натхнёна гаварыла паэтка, дзелячыся ўражаннямі ад нашых краявідаў. Яна і ўспамінала, і вершы чытала, і нават казку разам з удзельніамі свята стварыць паспела.

Не задумваліся пра парадокс: паэтаў на сустрэчах слухаюць з большай увагай, чым празаікаў, а чытаюць менш? Чаму? Адказ на відавоку: паэт можа заваяваць любоў двума-трыма вершамі, якія імгненна западуць у душу. А што рабіць празаіку? Пераказваць сюжэты сваіх аповесцяў ці раманаў, або што яшчэ больш недарэчна, чытаць урывак з іх?

Сяргей Аляксандравіч Трахімёнак, аўтар больш сарака празаічных твораў, добра ведае псіхалогію гледачоў і чытачоў. Таму на сустрэчах гаворыць мала, а вось чытачоў трымае ў такой напрузе, што выхад адзін: знайсці час, каб не развітвацца з героямі Трахімёнка ад пачатку дзеі да яе канца.

Яго кнігі ахвотна выдаюць у Мінску, Маскве і Санкт-Пецярбургу. Героі ўраджэнца Сібіры, а з 1990 года жыхара Мінска, – і расіяне, і беларусы. І працуюць яны ў розных сферах. Асабліва – у праваахоўных органах, што не дзіўна, бо па прафесіі Сяргей Аляксандравіч – прававед. Зараз ён – доктар юрыдычных навук, прафесар, выкладчык Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта. Калі знаходзіць час для напісання такіх вялікіх захапляльных кніг – загадка. А што кнігі сапраўды чытаюцца на адным дыханні, пацвярджаюць наведвальнікі раённай бібліятэкі.

Сяргей Трахімёнак нарадзіўся ў Сібіры. Але продкі яго – віцябляне. Яшчэ пад час сталыпінскай рэформы паехалі шукаць шчасце на бязмежныя сібірскія прасторы. Так ужо адбывалася міжволі, што даводзілася віцебскім сібіракам увесь час быць разам з беларусамі: дзед ваяваў тут у Першую сусветную вайну, бацька – у Другую. Так што нічога дзіўнага няма ў тым, што дарогі і Сяргея Аляксандравіча прывялі ў Беларусь.

На Зэльвеншчыне Сяргей Аляксандравіч упершыню, але чытачам раённай бібліятэкі вельмі добра знаёмы. Чаму так упэўнена кажу? Ды загляньце на лісткі зваротаў на кнігах Трахімёнка: там дзясяткі запісаў. Ну а калі хто пакуль не звяртаўся да вельмі цікавых кніг сёлетняга госця Сакавін, думаю, абавязкова гэта зробіць. Як правіла, ва ўсіх анатацыях пішуць, што Трахімёнак – аўтар дэтэктыўных твораў. З такім меркаваннем Сяргей Аляксандравіч катэгарычна не згодны. Застаецца праверыць, а заадно пазнаёміцца і з новымі кнігамі госця.

Апошняя кніга пісьменніка “Жизнь клеток” якраз і застаўляе задумацца над лёсам чалавецтва. Ды не толькі яна. Раманы і аповесці Трахімёнка лічаць дэтэктыўнымі, але гэта не зусім так, хоць прыгод і даследаванняўтам сапраўды нямала. Фантазіі ў Трахімёнка так шмат, што яго героі маюць адэкватна адчуваць сябе і ў мінулым, і ў сучасным, і ў будучым. “Тунгусский болид” – раман містычны, “Миллениум в Авсюках” – “святочны дэтэктыў”, “Феномен Бубна” – і трылер, і фантастыка, і дэтэктыў.

Разам з пісьменнікамі Зэльву наведалі і прадстаўнікі выдавецкага дома “Звязда”. Можна было набыць сярод шматлікіх кніг і творы Іны Фраловай, Сяргея Трахімёнка і Уладзіміра Мазго. Не толькі набыць, але і аўтограф атрымаць.